Joomla шаблоны бесплатно http://joomla3x.ru

Абзорная экскурсія

Автор: Super User. Опубликовано в Экскурсіі

Абзорная экскурсія па этнаграфічным музеі “Спадчына”

Добры дзень! Мы рады вітаць Вас у  этнаграфічным музеі “Спадчына” Дзяржаўнай установы адукацыі “Сярэдняя школа № 8         г. Барысава”.

Музей быў заснаваны  ў снежні 1991 года. У кастрычніку 1998 года яму было прысвоена званне “Народны”.

Згодна запісам у інвентарных кнігах у музеі налічваецца 615 экспанатаў асноўнага фонду і 20 экспанатаў дапаможна-навуковага фонду.Экспазіцыі, прадстаўленыя ў нашым музеі, адлюстроўваюць характар народнага побыту і народнай культуры 19-га пачатку 20-га стагоддзя.

Пераступіўшы парог музея, мы адразу трапляем у хату беларускага селяніна. Самым свяшчэнным месцам у хаце нашых продкаў лічыўся Чырвоны кут, або покуць, – месца ў куце над акном, дзе  заўседы віселі абразы (ікона), абавязкова пакрытыя  прыгожымі саматканымі ручнікамі. Стол у хаце таксама заўсёды стаяў на покуці. Святасць стала вызначалася яшчэ і тым, што на яго клалі самае дарагое – хлеб, свянцоныя яйкі, свечкі, ставілі святую ваду.

Печ таксама адзін з асноўных атрыбутаў прасторы сялянскага жытла. Белая печ і Чырвоны кут заўсёды размяшчаліся па дыяганалі ў супрацьлеглых баках хаты.Тая частка, якая знаходзілася злева ад дыяганалі "печ - чырвоны кут", замацавалася за жаночай паловай сям'і, а прастора справа ад яе (з рытуальным цэнтрам чырвонага кута) стала лічыцца жыццёвай сферай мужчын. Тут жа яскрава прадстаўлены рэчы хатняга ўжытку: гліняны посуд, дзяжа, куфар, ложак, дзіцячая люлька. А яшчэ ў кожнай беларускай хаце пад столлю віселі саламяныя павукі. Лічылася, што яны забіраюць усё дрэннае, аберагаюць гаспадароў. Вясной павук спальваўся, і кожны год рабіўся новы.

Далей нашай увазе прадстаўлена экспазіцыя-макет “Сялянскае падвор’е”. Беларусы здаўна славяцца сваёй працавітасцю. І асноўным заняткам нашых продкаў былі земляробства і жывёлагадоўля. Кожную вясну селянін-беларус ўрачыста крочыў у поле, сеяў хлеб і… лен. Адыходзілі ў нябыт вякі, а хлеб і лен заставаліся вечнымі. Былі як асноўнымі крыніцамі чалавечага існавання, матэрыяльнага дабрабыту, так і сімвалам непарыўнай духоўнай еднасці селяніна і зямлі.Таму тут жа на двух экспазіцыях шырока прадстаўлены сялянскія прылады працы. Яны падзяляліся на мужчынскія і жаночыя. І асаблівай сімволікай валодалі прылады жаночай працы. Сярод іх у першую чаргу прадстаўлены прылады для апрацоўкі льну, з якога вырабляліся тканіна і адзенне.

Саматканыя посцілкі, ручнікі, абрусы і іншыя тканыя і вышываныя рэчы былі не проста ўжыткам хатняга абіходу. Узоры тканых і вышываных вырабаў—гэта зашыфраваны аповед пра жыцце народа, яго працу, шчасце і нястачы, мары і спадзяванні.

Асобнай экспазіцыяй прадстаўлена беларускае народнае адзенне. Экспазіцыя змяшчае традыцыйны беларускі касцюм канца 19-пачатку 20ст. Асноўнай сыравінай для вырабу адзення былі валокны льну. Адзін з традыцыйных і найбольш пашыраных комплексаў жаночага адзення яшчэ ў сярэдзіне 19 ст. складаўся з кашулі, спадніцы, фартуха, пояса і наміткі. Абавязковым элементам святочнага касцюма былі пацеркі. Штодзённым абуткам служылі лапці,сплеценыя з лазовай ці ліпавай кары.

Традыцыйны комплекс мужчынскага адзення складаўся з ільняной кашулі, нагавіц (штаноў), пояса, саламянага капелюша ці валенай магеркі, світы, кажуха.

Наступная экспазіцыя “Сучасная народная творчасць” адлюстроўвае пераемнасць народных традыцый. Тут прадстаўлены сучасныя ганчарныя вырабы, напрыклад, мастацтва вырабу глінянай цацкі – адно з найстаражытнейшых. Гэта могуць быць фігуркі коней, сабак, іншых свойскіх жывел.

 

Прадстаўлены ткацкія вырабы, вырабы з саломы, а таксама народныя музычныя інструменты. Мастацтва народа жыло і развівалася. Стваралася яно народнымі майстрамі – разьбярамі, ганчарамі, ткачыхамі. Народнае мастацтва жыве і сення.