Joomla модули на http://joomla3x.ru и компоненты.

Ад сініх кветачак да кашуляк дзетачкам

Автор: Super User. Опубликовано в Экскурсіі

            

Катэгорыя навучэнцаў: вучні 5-7 класаў.

Актуальнасць: знаёмства з этнаграфічнай спадчынай беларускага народа – умова фарміравання сацыяльна актыўнай асобы-патрыёта.

Мэта: пазнаёміць вучняў з традыцыямі беларускага народа, звязанымі з апрацоўкай ільну.

Задачы:

  • расказаць пра прылады працы, якімі ў старажытнасці апрацоўвалі лён;
  • фарміраваць наглядна-вобразнае і лагічнае мысленне на базе назірання за музейнымі прадметамі;
  • выхоўваць і стымуляваць цікавасць і павагу да культурных здабыткаў свайго народа.

Абсталяванне: экспанаты  “Беларускай хаткі” і “Залы  рамёстваў”

План правядзення:

  1. Слова настаўніка.
  2. Выступленне экскурсаводаў “Традыцыі беларусаў, звязаныя з ільном”.
  3. Выступленне экскурсаводаў “Працэс апрацоўкі ільну”.
  4. Выступленне экскурсаводаў “Куфар. Узоры беларускага ткацтва. Ручнікі”.

 

Ход экскурсіі

Слова настаўніка.   Добры дзень! Адгадайце, калі ласка, загадку: «Прыйдзе восень — заб'ю лося, галаву з'ем, шкуру аблуплю, а мяса за плот выкіну» (Лён). Цяпер не кожны беларус адгадае гэту загадку. І як вы ўжо, напэўна, здагадаліся, сабраў усіх нас разам лён.

Экскурсавод 1.  «Гладкае, не маркае, не цяжкае, прыдатнае ў кожную пару года» — так хваліў ільняное адзенне Плутарх. Цаніў палатно і Гамер. А ў Старажытным Рыме амаль такія ж абрусы, што і нашы продкі засцілалі штодня на стол, былі прыкметай раскошы. (Мусіць, таму, што здалёк — мо з па-над Немана — прывозілі?).

Экскурсавод 2. Палатнянае адзенне, якое штодня насілі нашы продкі, аздабляла, як пішуць, біблейскіх герояў, фараонаў, жрацоў. На егіпецкіх фрэсках III тысячагоддзя да нашай эры намаляваны ўсе стадыі апрацоўкі лёну. Шчыльныя і трывалыя палатняныя латы, якія не «грэлі» і якія не прабівала страла, насілі, напрыклад, воіны персідскага цара Ксеркса...

Экскурсавод 1. На нашай зямлі быў калісьці лён адной з самых шанаваных раслінаў, бо і апранаў, і карміў. Валакно гэтай расліны служыла асноўнай сыравінай для вырабу тканін. Беларускія жанчыны падчас найважнейшых святаў, што спраўляліся ў зімовы і летні сонцавароты ды на вясновае раўнадзенства, звярталіся да магічных дзеянняў, каб вырас добры лён.

Экскурсавод 2. На Куццю выцягвалі каліўцы травы з пасланага пад абрусам сена – варажылі, які будзе лён. На Масленіцу спецыяльна ездзілі як мага далей на санках, каб лён быў доўгі. А на Купалле дзяўчаты і маладзіцы кідалі ў вогнішча бярозавыя галінкі ды прыгаворвалі: "Каб мой лён быў такі ж вялікі, як гэта бярэзінка" .

Экскурсавод 1. Лён на палетках  вы ўсе канечне ж бачылі. Калі зацвітае лён, поле стаіць блакітнае-блакітнае, нібы неба. А як жа з яго атрымліваецца тканіна на кашульку?.

Экскурсавод 2. Вось вы бачыце лён на сцябле. Усе працэсы, звязаныя з апрацоўкай сыравіны і падрыхтоўкай яе да ткання, выконваліся ўручную – звычайна гэта была жаночая работа. Спачатку абівалі ільняныя галоўкі, з якіх потым рабілі ільняное масла. Рабілі гэта пранікам.

Пранік – пляскаты драўляны брусок з ручкай, якім абівалі лён.

Экскурсавод 3. Для атрымання валакна саломку ільна рассцілалі на лузе або на пожні, звычайна ў канцы жніўня ў час вялікіх рос. Пры дажджлівым надвор’і саломка вылежвалася 3-4 тыдні, пры сухім – 5-6. Часам лён спачатку вымочвалі, а потым рассцілалі, валакно з такога ільну лепш выбельвалася і было больш моцным. Гатовую трасту звязвалі ў кулі і высушвалі.

Экскурсавод 2. У кастрычніку лён мялі церніцай (мялкай), трапалі траплом.

Трапло – тонкая дошчачка лапатападобнай формы для ачышчэння валакна ад кастрыцы. Не цяжка здагадацца, чаму гэты месяц называецца кастрычнік.

Экскурсавод 1. А вось і грэбень  - прылада для часання валакна. Вось як выглядае вычасанае валакно (яно называецца кужаль, або кудзеля) – лён-гулька і лён, сплецены ў касу.

Экскурсавод 2. У лістападзе пачыналі прасці, пралі на працягу ўсяго тыдня за выключэннем святочных дзён і нядзелі.

Экскурсавод 1. Кудзелю ўмацоўвалі на прасніцы, у працэсе прадзення ніткі скручвалі на верацяно. З 19 стагоддзя на Беларусі пачалі карыстацца механізаванай прыладай – калаўротам, які замяніў верацяно.

Экскурсавод 2. Затым пражу рыхтавалі для ткання: бялілі або фарбавалі. Працэс бялення адбываўся так: маткі пражы вымочвалі ў шчолаку, залівалі ў жлукце (спецыяльнай бочцы), паласкалі і развешвалі на сонцы. Фарбавалі пражу і тканіну адварамі або настоем лісця, кары дрэў, сцяблоў, кветак, каранёў траў. Для звівання пражы ў маткі служыла матавіла, на сноўніцу намотвалі аснову для красён.

Экскурсавод 1. У сакавіку, калі дзень павялічваўся, у хату прыносілі кросны. У наладцы красён звычайна ўдзельнічалі 2-3 жанчыны. А ўжо працы беларускія жанчыны не шкадавалі. Трэба было наткаць палатна, з якога пасля выраблялі адзенне, бялізну, ручнікі, пялёнкі, павязкі на раны. Чаўнок  - прылада для прапускання нітак, якія накручвалі на цэўку, драўляную палачку з утаўшчэннямі на канцах. Прылада для накручвання пражы на цэўку называецца сукала.

Экскурсавод 2. Пяройдзем цяпер да куфра (скрыні). Гэта драўляная ёмістасць, у якой хавалі тканіны, бялізну, адзенне і каштоўнасці. У куфар збіралі пасаг маладой. У нашым куфры ляжыць абрус, якім засцілалі стол у час святаў, посцілкі, якія служылі для  засцілання ложка, імі таксама накрываліся, падузорнік, прасціна, кашуля.

Экскурсавод 1. Побач з посцілкамі, абрусамі пачэснае месца займае ручнік. Ручнік — гэта не проста кавалак тканіны, якім выціраюць твар і рукі. На Беларусі шмат звычаяў, звязаных з выкарыстаннем ручнікоў.

Экскурсавод 2. На ручніку падносяць хлеб-соль, калі вітаюць дарагіх гасцей, таму што ручнік - сімвал чысціні, цяпла беларускай зямлі і роднай хаты.

Экскурсавод 1. Ручнікі, у залежнасці ад прызначэння, бываюць розныя: уціральнікі (імі выціралі твар), скарачы (для выцірання посуду, рук, у іх пераносілі керамічны посуд з ежай). Маладыя стаялі на ручніку-падножніку, а чырвоны кут упрыгожвалі набожнікі, або абразныя ручнікі. Яшчэ былі пасцяныя, якія вешаліся ў час Вялікага посту, і святочныя.

Экскурсавод 2. Як вы заўважылі, ручнікі бываюць тканыя, вышываныя, з карункавай аздобай. У кожнай мясціне вышыўка была непаўторнай, каларытнай, адметнай, не такой, як у суседзяў. Арнамент на беларускім ручніку часцей геаметрычны. Меней чорнага колеру. Пераважае "вясёлка" - жоўты, чырвоны, сіні, блакітны.

Экскурсавод 1. Чаму нашу Радзіму называюць Белай Руссю? Існуе некалькі тлумачэнняў. Адны лічаць, што наша зямля атрымала такую назву, бо не была заваяваная іншаземцамі (белая - значыць чыстая, вольная, незалежная). Другія мяркуюць, што белае льняное адзенне, светлыя валасы нашых продкаў паслужылі для яе назвы. А можа, так зямля стала называцца ад ручнікоў, разасланых па берагах рэчак і азёраў, якія ад сонца і вады станавіліся бялюткімі-бялюткімі? Ад тых палатняных белых ручнікоў-крылаў, што ў кожнай нашай хаце.

Ці спадабаўся вам наша экскурсія? Якія новыя веды вы набылі ў час правядзення экскурсіі? Я хачу запрасіць вас да супрацоўніцтва. Мы будзем рады, калі вы захочаце папоўніць экспазіцыю нашага музея. Да новых сустрэч!