Шаблоны Joomla здесь

Сакральны свет беларусаў

Аўтар: Super User. Posted in Экскурсіі

Тэматычная  экскурсія “Сакральны свет беларусаў” 

Катэгорыя навучэнцаў: вучні 5-11 класаў.

Мэта: знаёмства  з сакральным светам продкаў, з магічным дзеяннем акружаючых іх рэчаў.

Задачы: - пазнаёміць вучняў з сакральным светам беларусаў;

  • пазнаёміць з верай продкаў у магічную сілу рэчаў ;
  • фарміраваць пачуццё адказнасці за захаванне народнай спадчыны;
  • выхоўваць цікавасць да гісторыі і этнаграфіі роднага краю;
  • стымуляваць вучняў да даследніцкай дзейнасці

Абсталяванне: экспанаты “Беларускай хаткі”

План правядзення:

  1. Слова настаўніка.
  2. Выступленне экскурсаводаў “Грамнічная свечка”.
  3. Выступленне экскурсаводаў “Калыска”.
  4. Выступленне экскурсаводаў “Акно”.
  5. Выступленне экскурсаводаў “Ручнікі”.
  6. Выступленне экскурсаводаў “Адзенне”
  7. Выступленне экскурсаводаў “Лялька”.
  8. Выступленне экскурсаводаў “Павук”.

Ход экскурсіі

Слова настаўніка   Моцна трымаецца беларус даўніх, прадзедаўскіх звычаяў, даўно ўжо забытых іншымі народамі. Свята верыць у магічную і сакральную сілу рэчаў, так як і продкі яго калісьці  верылі.

А гэтыя рэчы акружалі нашых продкаў на кожным кроку ў іх паўсядзённым жыцці.

Экскурсавод 1.  Грамнічная свечка, грамніца - свечка, асвечаная ў храме на свята Грамніцы (15 лютага н. ст.). Паводле народных уяўленняў, была надзеленая чароўнаю сілаю, як і некаторыя іншыя свечкі: перадвелікодная, чацвярговая (асвечаная ў Чысты чацвер), велікодная (пры якой асвячаюцца стравы на Вялікдзень), вянчальная (выкарыстоўвалася ад ліхаманкі). Агонь грамнічнай свечкі  прыроўніваўся да жывога агню, атрыманага ад маланкі ці шляхам трэння двух кавалкаў дрэва адзін аб адзін. Грамнічную свечку запальвалі і ставілі на покуці пры пачатку грому і навальніц, каб маланка не запаліла хату. Пры першым громе прыпальвалі крыж-накрыж з 4 бакоў агнём валасы ў дзіцяці або адзін у аднаго ад пярэпалаху, ад сурокаў. Агнём грамнічнай свечкі выводзілі на бэльцы ў хаце крыж-абярэг. Выкарыстоўвалі грамнічную свечку у аграрнай абраднасці і ў жывёлагадоўлі – бралі з сабою ў поле на першае ворыва і на зажынкі; у Градавую сераду ( пасля Ражства, Вялікадня і сёмухі) абыходзілі палеткі з запаленай грамнічнай свечкай, каб іх не пабіў град; запальвалі  грамнічную свечку пры першым выпасе скаціны; пасля ацёлу карове падкурвалі саскі перад першым кармленнем цяляці, каб яно вырасла тлустае. Пашырана было выкарыстанне грамнічнай  свечкі у сямейнай абраднасці і ў розных побытавых сітуацыях. Пры цяжкіх  родах грамнічную свечку запальвалі перад абразамі. Калі збіраліся расчыняць хлеб з новай мукі, то абкурвалі агнём грамнічнай свечкі квашню.

Экскурсавод 2. Найчасцей ужывалася грамнічная свечка на пахаваннях і памінках. Падчас канання хвораму давалі ў рукі запаленную грамнічную свечку, каб анёлы, убачыўшы яе, прыйшлі на дапамогу; каб агонь асвятляў паміраючаму дарогу ў іншы свет аж да моманту смерці. Калі чалавек, сканаўшы, утрымліваў грамнічную свечку ў руках, лічылася, што ён памёр праведнікам. Пасля смерці бралі грамнічную свечку з рук нябожчыка, тушылі, праводзячы яе крыж – накрыж. Калі дым падымаўся ўгару – гэта значыла, што душа пакінула цела і ідзе да праведнікаў, а калі дым слаўся па хаце, то душа яшчэ на адыходзе ад цела і павінна будзе прайсці праз пакуты.  Пры заразных захворваннях абносілі вёску запаленай грамніцай і на кожным з 4 канцоў закопвалі ў яму крыху воску. У грамнічную свечку выразна ўвасобіўся старажытны культ агню.

Экскурсавод 1. Ложкі для немаўляці, старадаўнія віды традыцыйнай народнай мэблі, прызначаныя для калыхання дзіцяці, адрозніваліся канстукцыйна і паводле спосабаў калыхання, калыбання, гойдання, зыбання. Сімвалічна стасуецца з матчыным улоннем, хатай, дамавінай і арэлямі (параўн. бел. калыска “арэлі”). З калыскай, былі звязаны шматлікія павер’і і засцерагальныя захады, пачынаючы ўжо ад моманту яе вырабу і нават выбару матэрыялу. Так, лічылася, што калыску, павінны рабіць абавязкова староннія людзі, іначай дзіця можа неўзабаве памерці. З другога боку. Было вельмі пажадана, каб калыску, рабіў сам бацька або хаця б нешта дарабіў ці навязаў вяровачкі, а то дзіця не будзе яго шанаваць.

Прынесеную ў хату калыску, перш-наперш абкурвалі асвечанымі зёлкамі і ставілі так, каб на дзіця не падалі ні сонечныя, ні месяцовыя промні. Нованароджанае дзіця не адразу кладуць у калыску, а толькі пасля “хрэсту”. Калі трэба ўладкавацца з калыскай, так, а не іначай, падлогу вакол яе пасыпалі попелам асвечанай вярбы. Паўсюль забаранялася калыхаць пустую калыску, каб не калыхаць чорта, хваробу або каб дзіця не памерла. Пад калыскай, або ў яе клалі вострыя ці металёвыя (жалезныя) прадметы (напрыклад, іголку, нож, шпільку), крыжык, ладун, вугольчык, “пячыну” (кавалачак гліны ад печы), хлеб-соль, ката, каб захаваць дзіця ад нядобрых уплываў. Сваю ролю адыграла прасторавая адарванасць калыскі ад зямлі, ад “нізу”, што адпавядала ў агульнай скіраванасці на захаванне жыццёвай сілы дзіцяці. Калыска станавілася першай “хаткай” маленькага чалавека, у яе, як і на вяселлі ці ўваходзінах, найперш пускалі ката, укладалі пірог. Маючы на ўвазе беспасярэднія сімвалічныя судачыненні калыскі з труной (параўн. успрыманне іх як “часовых” змясцілішчаў чалавека, як праваднікоў з аднаго свету на другі; часта калыску, як і труну, “спраўлялі” толькі чужыя людзі), падкрэсліваецца важнейшы сэнсавы лейтматыў сімволікі калыскі – быць канцом шляху, па якім дзіця прыйшло з таго свету, і пачаткам жыцця гэтага. Калыска з’яўляецца сімвалічным адпаведнікам мацярынскага ўлоння: і пакіданне калыскі, і з’яўленне на свет пазначалі новы этап у жыцці чалавека.

 

Экскурсавод 2. Акно - адзін з міфапаэтычных сімвалаў і элемэнтаў жытла. У сэмантыцы вобраза акно найбольш рэалізуюцца такія апазіцыі, як вонкавы—унутраны і бачны—нябачны. Суадносіцца з ідэяй уваходу, пранікальнасьці, сувязі жылля з вонкавым светам. Акно звязвае  жыллё не проста з астатнім светам,  а са светам касмічны х з'яў і працэсаў (з сонцам, месяцам, бакамі свету). Пранікненьне птушак праз акно ў дом лічылася прадвесцем бяды. Тым часам праз акно выносілі памерлых нехрышчоных дзяцей і дарослых нябожчыкаў, якія памерлі ад «гарачкі». У выпадку смерці ў доме на акно ставілі ваду, «каб душа абмылася». Праз акно ажыццяўляецца сімвалічная сувязь са светам мёртвых.  Лічылася асабліва небяспечным пакідаць вокны адчыненымі і  не  перахрышчанымі нанач, таму што праз  іх могуць тады ўвайсці  нябожчыкі і нячысцікі і задушыць спячых. Акно лічылася своеасаблівым вокам дома .Раней быў пашыраны звычай мець у хаце тры акны «ў імя сьвятой Тройцы», а большая  колькасьць вокнаў рабілася толькі ў выключных выпадках, і то з бласлаўленьня святара і дазволу вясковага сходу.

Экскурсавод 2. Адзенне з’яўляецца важным этнічным і сацыяльным паказчыкам. Яно выконвае не толькі практычныя, але і этнакультурныя, эстэтычныя, абрадавыя, магічныя функцыі. Адзенне адлюстроўвае дух эпохі, пануючы стыль і моду, індывідуальны густ, пачуцце меры, псіхалогію чалавека, яго фізічны стан, узрост, сямейнае становішча, сацыяльную і прафесійную прыналежнасць.

У шырокім сэнсе адзенне – гэта не толькі вопратка, але і галаўныя ўборы, абутак, упрыгожванні. У залежнасці ад тыпалагічных асаблівасцей (канструкцыі, спалучэння асобных частак у агульным комплексе, канкрэтных функцый) яно паджяляецца на мужчынскае і жаночае (па сваіх асаблівасцях тут можна вылучыць яшчэ і дзіцячае і юнацкае), летняе і зімняе або верхняе (прамежкавы варыянт – дэмісезоннае), паўсядзеннае і святочнае.

Матэрыяламі для адзення служыла мясцовая сыравіна – лен, пянька, воўна, а таксама аўчына, футра, скура і інш. Найбольшую ўвагу звярталі на ўпрыгожванне рукавоў, што звязана з верай у магічную сілу чырвонага рамбічнага арнаменту, які нібыта засцерагаў рукі ад злых духаў, надаваў моц і дужасць як асноўным у працы. Разнастайнае паясное адзенне беларускіх жанчын: многія віды спадніц (андарак, палатнянік, саян, летнік), паневы, фартукі. Іх краілі з некалькіх прамавугольных полак і багата аздаблялі.  Дэкаратыўны малюнак спадніцы і панева-клетка, падоўжаныя або папярочныя палосы ў чырвоным, сіне-зялёным ці серабрыста- белым каларыце.

         У якасці  фарбавальнікаў выкарыстоўвалі настоі розных кветак і траў, лісце і кару, балотную руду, гліну. Асноўныя фарбы, што складалі каляровую гаму народнага адзення, - чырвоная, сіняя (васільковая), чорная, бурая (альховая).

Экскурсавод 1. Ручнік -  тканіна ўтылітарнага, абрадавага, дэкаратыўнага прызначэння. У Беларусі распаўсюджаны Р. памерам ад 25 да 45 см ушырыню і ад 1 да 4 м (часцей - 2-3 м) удаўжыню.  Выкарыстоўваецца як прадмет паўсядзённага ўжывання, як атрыбут вясельнага, пахавальнага, памінальнага абрадаў, у час свят (на Вадохрышча, Купалле, Сёмуху, Зажынкі) як прадмет, надзелены здольнасцю засцерагаць ад бед, няшчасцяў, у аздабленні жылля, абразоў. Да  пачатку ХХ ст.  ручнікі  шырока выкарыстоўваліся  ў  дэкаратыўных  і абрадавых мэтах.  Ручнікамі – набожнікамі прыбіралі абразы.  Ручнікі былі абавязковым атрыбутам у вясельных, радзінных абрадах: на іх прымалі народжаных, яны ўваходзілі ў пасаг нявесты, былі неабходнай часткай падарункаў  нявесты  жаніху, сватам,  радным  жаніха; іх перавязвалі цераз плячо свата, пасцілалі пад ногі маладым у час вянчання; на ручніках апускалі труну ў магілу, іх павязвалі на магільны крыж. У  часы  засухі,  войнаў,  эпідэмій  жанчыны  адной  вёскі  за дзень  ці  ноч  ткалі ручнік-абыдзённік,  які  вешалі  на прыдарожны крыж, абносілі вакол вёскі, праганялі па ім хатнюю жывёлу.

Ручнікі – ўціральнікі служылі для бытавых патрэб, у ручніках – трапкачах насілі абед у поле.

Для беларускіх ручнікоў характэрна спалучэнне чырвонага дэкору (у выглядзе некалькіх папярочных палос) на белым фоне, аздабленне разнастайным па тэхніцы ўзорыстым натыканнем, вышыўкай геаметрычнымі і расліннымі ўзорамі, карункамі, арнаментаванымі прошвамі, махрамі, палоскамі чырвонага паркалю.

Экскурсавод 1. Адмысловая ахоўная роля адводзіцца засцярогам у самым пачатку жыцця чалавека - "засцярогам дзяцінства". Засцярогі закліканы ўсцерагчы дзіця ад уплыву шкоднасных сіл і палегчыць яго сацыялізацыю. Таму шырокі распаўсюд сярод засцярогаў мелі тканевыя лялькі.

Экскурсавод 2. Ва ўсе часы для дзяцей майстравалі лялькі. Адна з асаблівасцяў выраба аберагаючых тканевых лялек - недапушчальнасць выкарыстання колючых і рэжучых прадметаў, якімі чалавек можа параніцца. Таму лапікі і ніткі для будучых лялек трэба было не рэзаць, а рваць. Сяляне верылі, што 5 жніўня (22 ліпеня) на Трафіма Бяссонніка нячыстая сіла - Паўночнік і Паўночніца са сваімі слугамі Начніцай, Шчакаціхай і Будзіхай апоўначы абыходзілі двары і будзілі маленькіх дзяцей, не даючы ім спаць. Устрывожаныя маці, каб адпужваць Паўночніцу, бралі малянят і тройчы дакраналіся іх ножкамі папярочнай бэлькі на столі, якую звалі трамай. Затым, паклаўшы маляня ў зыбку, плюнуўшы тройчы праз левае плячо, дзеялі загавор: "У імя Айца, і сына, і Святога Духу. Паўночніца Ганна Іванаўна, па начах не хадзі, раба(у) божага(ую) не будзі. Вось табе работа: днём гуляй пястом ды ступай, а ўначы маціцай. Ва векі вякоў. Амэн". Калі загавор не дапамагаў, то рабілі магічную калыскавую ляльку з лапікаў тканіны.

Экскурсавод 1. У вёсках за два тыдні да нараджэння будучая мама рабіла ляльку-пеленашку і падвешвала яе над зыбкай будучага дзіцяці. Гэта лялька вісела і тады, калі дзіця ўжо з'яўлялася на свет, бавячы і засцерагаючы дзіцё. Уваходзячыя ў хату суседзі кідалі погляд у першую чаргу на ляльку, бо яна навідавоку, тым самым пакідаючы "сурокі" на ёй. Лялька як бы ахоўвала дзіця, брала на сябе ўсё дрэннае.

Экскурсавод 2. У іншых абласцях спавітую ляльку падкладалі да немаўля ў зыбку, прыгаворваючы пры гэтым: "Сонніца-бессоніца, не гуляй з маім дзіцяткам, а гуляй з гэтай лялькай". Лялька як бы адцягвала на сябе злыя сілы, засцерагала маўляня. Так яе і звалі - берагіня ці засцярог.
У калысачцы лялячка знаходзілася да водахрышча дзіцяці, каб прымаць на сябе ўсе пошасці, якія пагражалі дзіцяці. Стужачка тальмаха перакрыжоўваецца на гэтай ляльцы няцотную колькасць разоў і выконвае ролю засцярогу. Па павер'ях, цэнтр жыццёвай сілы размяшчаецца ў раёне пупа. Завязаны тугі вузел сімвалізуе пуп. Канцы шнура на пупку адкусвалі гэтак жа, як пупавіну пры нараджэнні дзіцяці. Такую ляльку захоўвалі ў хаце нароўні з хрысцільнай кашуляй дзіцяці. Толькі пасля водахрышча за немаўлём сцвярджаўся статут чалавека, і ляльку прыбіралі з зыбкі.

Экскурсавод 1.  Чаму з'явілася менавіта такая лялька-пеленашка? Лічылася, што абмежаванне руху зробіць дзіця незаўважным для злых духаў, таму амаль увесь першы год жыцця немаўля праводзіла ў зыбцы шчыльна спавіваным. Сёння такі спосаб спавівання немаўлятаў лічыцца дзікім і варварскім: абмяжоўваюцца жыццёва важныя функцыі дзіцяці. Але ў традыцыйным побыце гэта быў адзіна прызнаваны спосаб.

А пасля водахрышча над зыбкай падвешвалі няцотную колькасць лялячак, зробленых з аднатоннага каляровага матэрыялу, вельмі яркіх, каб прыцягнуць увагу дзіцяці. Яны зваліся кувадкі. У звязку звычайна бывала ад 3 да 5 такіх лялячак. Сваю назву яны атрымалі ад абраду "кувады", які злучаны з таемствам нараджэння дзіцяці. Бацьку дзіцяці ў гэтым абрадзе адводзілася актыўная роля. У прылазніку выстаўлялі кош з курынымі яйкамі. Мужчына садзіўся на кош, робячы выгляд, што выседжвае яйкі (па павер'ях, яйка з'яўлялася першаасновай жыцця). Гучнымі апантанымі крыкамі, пераймаючы крыкам парадзіхі, мужчына выманьваў злых духоў у прылазнік. Каб ашуканыя і раззлаваныя духі не вярнуліся да парадзіхі, у прылазніку развешвалі лялькі-кувадкі. Верылі, што ў гэтыя першыя трапіўшыя на вочы неадушаўлёныя выявы людзей і ўсяляліся злыя духі. Пасля абраду ачышчэння ад брыдоты гэтыя лялькі спальвалі. Да канца XIX ст. абрад быў забыты, а лялькі засталіся. Скіраванасць магічнага дзеяння змянілася: потым іх вывешвалі над зыбкай пасля водахрышча немаўля, усё гэтак жа засцерагаючы яго ад незлічоных падкопаў злых духаў. Засцярогі рабіліся, не толькі з тканіны, але і з гліны, дрэва, косці, саломы, нітак.

Экскурсавод 2. Аднак, усе лялькі-засцярогі падобныя ў адным: у іх не было твару. Традыцыйная тканевая лялька была безаблічная. Лічылася, што калі лялька будзе ўжо вельмі падобнай на чалавека, то ў яе ўселіцца злы дух. А лялька без твару лічылася прадметам неадушаўлёным, недаступным для ўсялення ў яго злых, ліхіх сіл, а значыць, і бясшкоднай для дзіцяці. Яна павінна была прынесці яму дабрабыт, здароўе, радасць. Пра ляльку-засцярогу ўспаміналі і тады, калі жадалі пазбавіцца ад якой-небудзь пошасці. Яе тры разы паварочвалі супраць гадзіннікавай стрэлкі, прыгаворваючы: "Адкруціся злом, павярніся дабром".

Мімаволі ў галаву прыходзіць думка: дык вось, аказваецца, якімі лялькамі гулялі нашы прапрабабкі шмат гадоў назад! Сучасныя дзеці пра гэта практычна не ведаюць, хоць лялькі-засцярогі - частка гісторыі і культуры нашай Радзімы.

Экскурсавод 1. Павук – прасторавая кампазіцыя з сал омы, папяровых кветак; традыцыйнае ўпрыгожанне інтэр'ера беларускага народнага жылля. Павука падвешвалі над сталом. Найбольш часта павукоў рабілі з саломы: шарападобныя, рамбічныя, зорчатыя.шарападобныя рабілі з саломінак, якія разыходзіліся ва ўсе бакі ад цэнтра. Канцы саломінак аздаблялі кветкамі з паперы ці пер'я. У аснове рамбічнага павука ляжыць васьмігранная фігура з 12 саломінак аднолькавай даўжыні. Унутры яго і да яго вуглоў падвешвалі павукоў меншых памераў. Выраблялі таксама павукоў у выглядзе абажура. Аналагічна з сапраўднымі павукамі, лічылася, што павук нясе добрую навіну і радасць у хату. А значыць, чым больш ў хаце сплеценых павукоў, тым больш і шчасця ў ёй будзе.

 

 

Ад сініх кветачак да кашуляк дзетачкам

Аўтар: Super User. Posted in Экскурсіі

            

Катэгорыя навучэнцаў: вучні 5-7 класаў.

Актуальнасць: знаёмства з этнаграфічнай спадчынай беларускага народа – умова фарміравання сацыяльна актыўнай асобы-патрыёта.

Мэта: пазнаёміць вучняў з традыцыямі беларускага народа, звязанымі з апрацоўкай ільну.

Задачы:

  • расказаць пра прылады працы, якімі ў старажытнасці апрацоўвалі лён;
  • фарміраваць наглядна-вобразнае і лагічнае мысленне на базе назірання за музейнымі прадметамі;
  • выхоўваць і стымуляваць цікавасць і павагу да культурных здабыткаў свайго народа.

Абсталяванне: экспанаты  “Беларускай хаткі” і “Залы  рамёстваў”

План правядзення:

  1. Слова настаўніка.
  2. Выступленне экскурсаводаў “Традыцыі беларусаў, звязаныя з ільном”.
  3. Выступленне экскурсаводаў “Працэс апрацоўкі ільну”.
  4. Выступленне экскурсаводаў “Куфар. Узоры беларускага ткацтва. Ручнікі”.

 

Ход экскурсіі

Слова настаўніка.   Добры дзень! Адгадайце, калі ласка, загадку: «Прыйдзе восень — заб'ю лося, галаву з'ем, шкуру аблуплю, а мяса за плот выкіну» (Лён). Цяпер не кожны беларус адгадае гэту загадку. І як вы ўжо, напэўна, здагадаліся, сабраў усіх нас разам лён.

Экскурсавод 1.  «Гладкае, не маркае, не цяжкае, прыдатнае ў кожную пару года» — так хваліў ільняное адзенне Плутарх. Цаніў палатно і Гамер. А ў Старажытным Рыме амаль такія ж абрусы, што і нашы продкі засцілалі штодня на стол, былі прыкметай раскошы. (Мусіць, таму, што здалёк — мо з па-над Немана — прывозілі?).

Экскурсавод 2. Палатнянае адзенне, якое штодня насілі нашы продкі, аздабляла, як пішуць, біблейскіх герояў, фараонаў, жрацоў. На егіпецкіх фрэсках III тысячагоддзя да нашай эры намаляваны ўсе стадыі апрацоўкі лёну. Шчыльныя і трывалыя палатняныя латы, якія не «грэлі» і якія не прабівала страла, насілі, напрыклад, воіны персідскага цара Ксеркса...

Экскурсавод 1. На нашай зямлі быў калісьці лён адной з самых шанаваных раслінаў, бо і апранаў, і карміў. Валакно гэтай расліны служыла асноўнай сыравінай для вырабу тканін. Беларускія жанчыны падчас найважнейшых святаў, што спраўляліся ў зімовы і летні сонцавароты ды на вясновае раўнадзенства, звярталіся да магічных дзеянняў, каб вырас добры лён.

Экскурсавод 2. На Куццю выцягвалі каліўцы травы з пасланага пад абрусам сена – варажылі, які будзе лён. На Масленіцу спецыяльна ездзілі як мага далей на санках, каб лён быў доўгі. А на Купалле дзяўчаты і маладзіцы кідалі ў вогнішча бярозавыя галінкі ды прыгаворвалі: "Каб мой лён быў такі ж вялікі, як гэта бярэзінка" .

Экскурсавод 1. Лён на палетках  вы ўсе канечне ж бачылі. Калі зацвітае лён, поле стаіць блакітнае-блакітнае, нібы неба. А як жа з яго атрымліваецца тканіна на кашульку?.

Экскурсавод 2. Вось вы бачыце лён на сцябле. Усе працэсы, звязаныя з апрацоўкай сыравіны і падрыхтоўкай яе да ткання, выконваліся ўручную – звычайна гэта была жаночая работа. Спачатку абівалі ільняныя галоўкі, з якіх потым рабілі ільняное масла. Рабілі гэта пранікам.

Пранік – пляскаты драўляны брусок з ручкай, якім абівалі лён.

Экскурсавод 3. Для атрымання валакна саломку ільна рассцілалі на лузе або на пожні, звычайна ў канцы жніўня ў час вялікіх рос. Пры дажджлівым надвор’і саломка вылежвалася 3-4 тыдні, пры сухім – 5-6. Часам лён спачатку вымочвалі, а потым рассцілалі, валакно з такога ільну лепш выбельвалася і было больш моцным. Гатовую трасту звязвалі ў кулі і высушвалі.

Экскурсавод 2. У кастрычніку лён мялі церніцай (мялкай), трапалі траплом.

Трапло – тонкая дошчачка лапатападобнай формы для ачышчэння валакна ад кастрыцы. Не цяжка здагадацца, чаму гэты месяц называецца кастрычнік.

Экскурсавод 1. А вось і грэбень  - прылада для часання валакна. Вось як выглядае вычасанае валакно (яно называецца кужаль, або кудзеля) – лён-гулька і лён, сплецены ў касу.

Экскурсавод 2. У лістападзе пачыналі прасці, пралі на працягу ўсяго тыдня за выключэннем святочных дзён і нядзелі.

Экскурсавод 1. Кудзелю ўмацоўвалі на прасніцы, у працэсе прадзення ніткі скручвалі на верацяно. З 19 стагоддзя на Беларусі пачалі карыстацца механізаванай прыладай – калаўротам, які замяніў верацяно.

Экскурсавод 2. Затым пражу рыхтавалі для ткання: бялілі або фарбавалі. Працэс бялення адбываўся так: маткі пражы вымочвалі ў шчолаку, залівалі ў жлукце (спецыяльнай бочцы), паласкалі і развешвалі на сонцы. Фарбавалі пражу і тканіну адварамі або настоем лісця, кары дрэў, сцяблоў, кветак, каранёў траў. Для звівання пражы ў маткі служыла матавіла, на сноўніцу намотвалі аснову для красён.

Экскурсавод 1. У сакавіку, калі дзень павялічваўся, у хату прыносілі кросны. У наладцы красён звычайна ўдзельнічалі 2-3 жанчыны. А ўжо працы беларускія жанчыны не шкадавалі. Трэба было наткаць палатна, з якога пасля выраблялі адзенне, бялізну, ручнікі, пялёнкі, павязкі на раны. Чаўнок  - прылада для прапускання нітак, якія накручвалі на цэўку, драўляную палачку з утаўшчэннямі на канцах. Прылада для накручвання пражы на цэўку называецца сукала.

Экскурсавод 2. Пяройдзем цяпер да куфра (скрыні). Гэта драўляная ёмістасць, у якой хавалі тканіны, бялізну, адзенне і каштоўнасці. У куфар збіралі пасаг маладой. У нашым куфры ляжыць абрус, якім засцілалі стол у час святаў, посцілкі, якія служылі для  засцілання ложка, імі таксама накрываліся, падузорнік, прасціна, кашуля.

Экскурсавод 1. Побач з посцілкамі, абрусамі пачэснае месца займае ручнік. Ручнік — гэта не проста кавалак тканіны, якім выціраюць твар і рукі. На Беларусі шмат звычаяў, звязаных з выкарыстаннем ручнікоў.

Экскурсавод 2. На ручніку падносяць хлеб-соль, калі вітаюць дарагіх гасцей, таму што ручнік - сімвал чысціні, цяпла беларускай зямлі і роднай хаты.

Экскурсавод 1. Ручнікі, у залежнасці ад прызначэння, бываюць розныя: уціральнікі (імі выціралі твар), скарачы (для выцірання посуду, рук, у іх пераносілі керамічны посуд з ежай). Маладыя стаялі на ручніку-падножніку, а чырвоны кут упрыгожвалі набожнікі, або абразныя ручнікі. Яшчэ былі пасцяныя, якія вешаліся ў час Вялікага посту, і святочныя.

Экскурсавод 2. Як вы заўважылі, ручнікі бываюць тканыя, вышываныя, з карункавай аздобай. У кожнай мясціне вышыўка была непаўторнай, каларытнай, адметнай, не такой, як у суседзяў. Арнамент на беларускім ручніку часцей геаметрычны. Меней чорнага колеру. Пераважае "вясёлка" - жоўты, чырвоны, сіні, блакітны.

Экскурсавод 1. Чаму нашу Радзіму называюць Белай Руссю? Існуе некалькі тлумачэнняў. Адны лічаць, што наша зямля атрымала такую назву, бо не была заваяваная іншаземцамі (белая - значыць чыстая, вольная, незалежная). Другія мяркуюць, што белае льняное адзенне, светлыя валасы нашых продкаў паслужылі для яе назвы. А можа, так зямля стала называцца ад ручнікоў, разасланых па берагах рэчак і азёраў, якія ад сонца і вады станавіліся бялюткімі-бялюткімі? Ад тых палатняных белых ручнікоў-крылаў, што ў кожнай нашай хаце.

Ці спадабаўся вам наша экскурсія? Якія новыя веды вы набылі ў час правядзення экскурсіі? Я хачу запрасіць вас да супрацоўніцтва. Мы будзем рады, калі вы захочаце папоўніць экспазіцыю нашага музея. Да новых сустрэч!

Беларускі традыцыйны касцюм

Аўтар: Super User. Posted in Экскурсіі

Катэгорыя навучэнцаў: вучні 9-11 класаў.

Касцюм - тая частка духоўнага і матэрыяльнага свету, у якім найбольш ярка выяўляюцца этнічныя асаблівасці. Кожны народ стварае яго ў адпаведнасці са сваімі эстэтычнымі і этычнымі прадстаўленнямі. Пасля мовы касцюм можа служыць важнай этнічнай прыкметай. Адзенне належыць да найбольш яркіх элементаў матэрыяльнай культуры беларусаў, захаваўшае свае асаблівасці на працягу стагоддзяў, нягледзячы на сацыяльны і іншаземны прыгнёт і знешні культурны ўплыў суседзяў.

Традыцыйнае адзенне кожнага народа выяўляе асаблівасці яго этнічнага паходжання, геаграфічных, эканамічных і культурных умоў жыцця. На працягу стагоддзяў фарміраваліся лакальныя комплексы традыцыйныга касцюма - сукупнасць нацельнага, плечавога і пояснога адзення, дапоўненага галаўным уборам, абуткам і аксесуарамі. У Беларусі такія комплексы прынята называць строямі. На састаўныя часткі строяў і іх знешні выгляд значна ўплывалі светапогляд народа, нормы народнай этыкі, а таксама эстэтычныя густы насельніцтва, якія паступова мяняліся ў выніку сацыяльна-эканамічных змен і культурнага ўзаемадзеяння з іншымі народамі.

Беларускі традыцыйны касцюм не быў нейкім статычным элементам матэрыяльнай культуры, ён развіваўся на працягу стагоддзяў. Канчаткова традыцыйны касцюм сфарміраваўся ў канцы ХІХ - пачатаку ХХ стагоддзя, у ім найбольш яскрава праявілася ўсё майстэрства народа і яго эстэтычныя густы.

У беларусаў, якія з даўніх часоў займаюцца земляробствам і развядзеннем хатняй жывёлы, асноўнай сыравінай для адзення са старажытнасці і амаль да нашага часу былі валокны ільну, канопель, скура і воўна жывёл.

На сваіх палосах сяляне вырошчвалі лён, каноплі, апрацоўвалі іх: рвалі, мачылі, мялі, трапалі, ачышчалі ад кастрыцы, часалі, пралі, ткалі. Увесь працэс апрацоўкі сыравіны ад пачатковых стадый да вырабу гатовых прадметаў адзення праходзіў у хатніх умовах. У хатніх умовах афарбоўвалі ніткі і тканіны, а таксама апрацоўвалі воўну і скуру, з якіх шылі верхняе адзенне, галаўныя ўборы, некаторыя віды скуранога абутку. Жаночае і мужчынскае адзенне шылі самі сялянкі - вялікія майстрыхі ў гэтай справе. Сістэму касцюма ствараюць не проста адзіныя ці падобныя па стылю, а працуючыя на мастацкую вобразнасць элементы, іх структура. У гэты лік уваходзяць: сукенкі, упрыгожанні, абутак, прычоскі, грым, аксесуары, прадметы верхняга адзення, галаўныя ўборы.

Народнае адзенне беларусаў не было паўсюдна аднолькавае. Існавала вялікая колькасць рэгіянальных асаблівасцей яго афармлення, якія выяўляліся ў дэкаратыўным, канструктыўным і колеравым вырашэнні, прапарцыянальных суадносінах частак адзення. Адзенне кожнага з рэгіёнаў Беларусі вызначалася сваімі асаблівасцямі крою, дэкору, выбару матэрыялу, спосабам нашэння і захавання архаічных рыс.

Колерная гама беларускага народнага адзення даволі багатая. Яна спалучае ў сабе самыя розныя колеры: сіні, блакітны, фіялетавы, карычневы, белы, чырвоны, чорны. Аднак дамінаванне апошніх трох колераў відавочнае. Бела-чырвона-чорная дамінанта беларускага народнага касцюма вылучалася не толькі гістарычна, яна была выклікана і той сыравінай, што ішла на выраб тканіны і паўплывала на яе колер, і тымі фарбавальнікамі, якія выкарыстоўваліся для афарбоўкі тканін.

Сярэднекантынентальны клімат беларускага краю вымагаў адносна цёплага і закрытага адзення. Ніткі і тканіны фарбаваліся прыроднымі фарбавальнікамі - настоямі траў, кары, лісця, шышак, балотнай жалезнай рудой. Ільняныя тканіны, з якіх вырабляліся кашулі, фартухі, галаўныя ўборы, не фарбаваліся. Белае палатно аздаблялі арнаментам, які рабілі натыканнем ці вышыўкай. У старажытнасці чырвоны колер сімвалізаваў жыццё, а нанесены з дапамогай арнаменту на каўнер, разрэз пазухі, ніз кашулі служыў засцерагальным знакам. Ён жа адыгрываў істотную кампазіцыйную ролю, абядноўваючы часткі адзення ў мастацкае цэлае. Паліхромнасць уласціва суконным і паўсуконным тканінам адзення, якое падпяразваецца, а таксама поясу. Тут вышыўка амаль што адсутнічае, а тканы ўзор вызначаецца сакавітасцю тонаў, смеласцю іх спалучэнняў - чырвоны, зялёны, сіні, белы.

Каларыт мужчынскага адрозніваўся ад жаночага. Мужчынскі касцюм меў сціплае аздабленне. У ім пераважаў белы колер, а чырвонае ці чырвона-чорнае аздабленне ўпрыгожвала каўнер, пазуху, падол кашулі, часам верх і ніз рукавоў. Штаны ўвогуле былі аднатонныя: шэрыя, крычневыя, сінія. Самай маляўнічай часткай мужчынскага касцюма быў рознакаляровы пояс з кутасамі. Найбольшага ўзлёту фантазіі і майстэрства ў аздабленні беларускае адзенне дасягнула ў жаночым касцюме. У аздабленні святочнага адзення гарманічна спалучаліся ткацтва, вышыўка, карункапляценне, аплікацыя, набойка.

Па якасці палатна на святочных сарочках, спадніцах, фартухах, гарсэціках, іх мастацкаму аздабленню аднавяскоўцы меркавалі аб майстэрстве і працавітасці дзяўчыны, яе прыгоднасці да сямейнага жыцця, і, ўрэшце, ад гэтага залежалі ў многім адносіны да яе з боку сябровак і суседзяў. Па традыцыі, у беларусаў з дзяцінства дзяўчынак вучылі прасці, вышываць, пазней - ткаць. З 12 - 13 гадоў яны пад кіраўніцтвам маці пачыналі рыхтаваць сабе пасаг.

Жаночае адзенне. Асновай жаночага комплексу адзення сялянак была кашуля, якая мела некалькі назваў: «сарочка», «кашуля», «рубаха», «рубашка». На ўсёй тэрыторыі Беларусі найбольшае пашырэнне ў ХІХ - другой палове ХХ ст. мела назва «сарочка», якая зяўляецца агульнаславянскім тэрмінам і абазначае адзін і той жа прадмет касцюма. Тэрмін «кашуля» таксама мае шырокае распаўсюджанне і, па меркаванні беларускіх этнографаў, займае даволі шырокую паласу цэнтральнай Беларусі . «Кашуляй» сяляне называлі сарочку верхнюю, якую насілі са спадніцай ці андаракам. Як правіла, яна была з доўгімі рукавамі. «Сарочкай», як і пазней у ХІХ - ХХ стст. называлі таксама сподняе плечавое адзенне крыху іншага крою, якое магло быць і з кароткімі рукавамі, без каўняра. Тым не меней абедзве назвы, як ужо адзначалася, абазначалі пераважна аднолькавае адзенне.

Асноўным матэрыялам для шыцця кашулі да 20-ых гг. ХХ ст. была льняная, двухнітовая «даматканка» з гладкай паверхняй палатнянага перапляцення («простае тканнё»), якасць якой, нягледзячы на аднатыпнасць сыравіны, была рознай («кужаль», «зрэбе» і інш.) і залежала ад прызначэння палатна, рэгіянальных і часавых традыцый. Па ўсёў Беларусі вылучаліся тры гатункі палатна: тонкае («кужаль», «вярхоўе»), сярэдняе («сяродкавае») і грубае («зрэбе», «таўстаніна», «дзяружына», «спуск», «абдзіркі»).

Кужэльныя кашулі былі даражэй за іншыя і выкарыстоўваліся сялянамі як святочнае адзенне. Святочныя кашулі шыліся пераважна суцэльнымі з тонкага ці сярэдняга гатунку палатна, якое ткалі з лепшых гатункаў ільнавалакна. Грубае палатно выкарыстоўвалі на «падтачку» кашулі.

Найчасцей кашулю шылі з доўгімі рукавамі. Шырыня і даўжыня рукава ў многім залежалі ад прызначэння кашулі. Шырокі («вольны») і доўгі рукаў упрыгожваў святочную кашулю, але быў нязручны для працы. Шырыня рукава залежала і ад шырыні палатна. Шырыні аднаго палотнішча часта не хапала, а таму, як правіла, для расшырэння проймы ўстаўлялі невялікія клінкі трохвугольнай, квадратнай ці ромбавіднай формы, уверсе пад рукаў, радзей - кліны на ўсю даўжыню рукава. Устаўка пад рукаў мела лакальныя назвы: «цвікля», «цвэгель», «клінок», «падрушнік», «ластавіца» і інш. Унізе рукава збіралі ў «заборы», і да яго прышывалі манжэты («манкеты», «каўнерцы», «каўнерыкі», «чохлы», «абшляг», «рукавашы») вузкай («у 2 пальцы») двайной палоскай палатна. У асобных месцах традыцыйна шылі кашулі з шырокімі манжэтамі, да якіх прышывалі карункі або валан («фальбонка», «брыжыкі», «брыжы» і інш.) ці ніз шырокага рукава проста збіралі на зборку на 10 см ад краю. Гэта былі святочныя кашулі. Манжэты палатнянай кашулі рабілі і з іншай (пакупной) тканіны.

Абавязковая прысутнасць вышыванага і тканага дэкору на рукавах жаночых і мужчынскіх кашуль ва усходніх і іншых народаў мела ў мінулым значэнне абярэга і адначасова павінна была садзейнічаць павышэнню працаздольнасць рукі.

Лакалізацыя вышыўкі на каўняры, падоле, нагрудным разрэзе, швах, уздоўж швоў аднадушна тлумачыцца даследчыкамі як своеасаблівая сістэма ахоўных знакаў, неабходных у тых месцах, якія ўяўляліся найбольш небяспечнымі для пранікнення духаў зла.

Святочныя кашулі сялянкі ў ХІХ - сярэдзіне ХХ ст. вельмі прыгожа вышывалі. У другой палавіне ХІХ - пачатку ХХ ст. вышыўка дасягнула найвышэйшага росквіту, увасобіўшы яркія нацыянальныя рысы, рэгіянальныя і лакальныя асаблівасці і захавала найстаражытнейшыя агульнаславянскія арнаментальныя пласты.

Спачатку сарочка з вышытым каўняром, манжэтамі, манішкай, «палікамі» і рукавамі ці затканая расліным або геаметрычным арнаментам была вясельнай вопраткай дзяўчыны, зверху якой надзявалі андарак ці спадніцу з фартухам. Пасля, у першай палавіне ХХ ст., на змену ёй прыходзіць блузка, сукенка, пашытая з пакупной тканіны.

Асаблівасці крою паяснога адзення і адметнасці, якія набывае касцюм у залежнасці ад складу частак, зяўляюцца прынцыповай і важнай адзнакай характарыстыкі лакальна распаўсюджаных на тэрыторыі Беларусі тыпавых варыянтаў. На гэтай падставе ўстанаўліваецца некалькі асноўных базавых комплексаў традыцыйнага касцюма: жаночы комплекс, у які ўваходзіць паясное адзенне з нясшытых палотнішчаў тканіны (напрыклад, калышка, панёва), з саянам, шубейкай і сабранай па таліі спадніцай, якая мела розныя назвы.

Панёва мае адметнасці не толькі дэкаратыўныя, але і канструкцыйныя. На Беларусі сустракаецца адзін з варыянтаў у выглядзе напалавіну сшытага прамавугольніка каля 120 см даўжынёй. Тканіна перагіналася папалам, фіксавалася на поясе так, што нясшытыя часткі звісалі з бакоў, утвараючы так званыя «крылы». Рознілася спосабамі драпіравання на фігуры.

У спадніцы з некалькіх точаў захаваліся некаторыя адзнакі структуры гэтых больш ранніх элементаў. Так, паміж полкамі спераду ўстаўляўся кавалак, які адрозніваўся дэкорам і часта колерам. Некалькі падоўжаных полак сшывалася вертыкальна. Колькасць точаў стварала абём. На Беларусі мелі распаўсюджванне шырокія ў 3 - 5 полак спадніцы. Існавалі спадніцы і з гарызантальным швом, так званыя папярэчкі.

Па таліі спадніцы збіраліся ў зборкі, прышываўся пояс або матуз. Па нізу таліі зборкі фіксаваліся - гэтым дасягалася шчыльнае абляганне. Ад бёдраў уніз складкі разыходзіліся, раскрываючы ўвесь абём.

Такой была універсальная канструкцыя, на аснове якой нараджаліся розныя па абліччу рэгіянальныя варыянты жаночага паяснога адзення. Іх асаблівасці можна вызначыць па дэкору, агульным колеравым рашэнні, нюансах у кроі і дэталях, па матэрыялу.

Паясное адзенне, пашытае з добраякаснага матэрыялу і «спецыялістам» (заезжым ці мясцовым майстрам), называлі андаракамі. Андарак звычайна шылі з воўны, так называліся і спадніцы са змешаным валокнаў. Найбольш характэрнай расфарбоўкай андаракаў зяўляецца разнакаляровая клетка ці палоска. Часцей за ўсё па чырвоным фоне андарака ткаліся вертыкальныя палосы зялёнага, сіняга, белага колераў. Сустракаліся вішнёвыя і чорныя андаракі ў зялёную, жоўтую, чырвоную, сінюю палоску. Былі андаракі і ў папярочную палоску і ў клетку яркай расфарбоўкі - белыя, чорныя, чырвоныя, зялёныя, фіялетавыя клеткі.

Калі паясное адзенне мела просты крой, які вызначаўся шырынёй палатна, то нагрудная частка касцюма, вядомая таксама пад назвамі гарсэт, кабат, камізэлька, станік, лейбік, кітлік, нагруднік, каптан, шнуроўка, шылася ўжо на аснове крою з улікам анатамічных асаблівасцей фігуры. Лініі проймы, гарлавіны мелі складаную канфігурацыю, па таліі падганяліся да фігуры з дапамогай вытачак, уводзіліся дэталі, выкраеныя «па касой ніці» і падкрайныя. Шыліся з даматканых і крамных тканін, гладкіх і з малюнкам (звычайна расліннага характару). Сістэматызаваць іх можна па функцыях: адзяваліся ў якасці нацельнага прадмета і нагруднай часткі касцюма.

Безрукаўкі шыліся з сукна, паркалю, парчы, аксаміту, каленкору чорнага, чырвонага, сіняга, зялёнага колеру, былі аднатонныя гладкія, з тканым раслінным маляўнічым арнаментам, з набіўным малюнкам і з роспісам.

У комплекс традыцыйнага касцюма уваходзіў таксама фартух. Ён надзяваўся на спадніцу спераду, завязваўся па таліі. Па крою уяўляў прамавугольны кавалак тканіны (у адну, дзве, дзве з паловай, тры шырыні). Быў актыўнай часткай кампазіцыйнага рашэння лакальных варыянтаў традыцыйных комплексаў. Захоўваліся розныя формы ў адпаведнасці з функцыянальнай роллю, якую ён меў. У адных рэгіёнах фартух быў у адну полку шчыльнай суконнай тканіны, у другіх складаўся з двух полак ільнянога палатна, злучаных дэкаратыўным швом, і лінія злучэння частак размяшчалася на фігуры пасярэдзіне спераду. Фартух часта рабiся з фальбонай па нiзу, шырыня гэтай дэталi магла быць вузкай (5 см) i шырокай (фальбона займала палавiну ўсёй даўжынi). Уверсе фартуха закладвалiся зборкi або трупы складак i прышываўся пояс, каўнерык. На канцы пояса мацавалiся ромбападобныя каляровыя кавалкi матэрыі. Упрыгожвалi стужкамi, гарызантальнымi радамi неглыбокiх складак, прошвамi, карункамi, аплiкацыямi. Вузкiя, з адной полкi тканiны фартухi закрывалi спаднiцу толькi спераду. Шырокiмi абгортвалася амаль уся фiгура так, што краi сыходзiлiся ззаду.

На Беларусi пашырана назна фартух (хвартух), але захаваўся ўсходнеславянскi тэрмiн пярэднiк. Яшчэ адна назна запон (запiн) звязваецца

Асобнае месцца ў сістэме святочнага адзення беларусаў займае вясельны касцюм. Ён меў сваі асаблівасці, якія адрознівалі яго ад проста святочнага адзення.

Мужчынская адзенне. Мужчынскае адзенне ў сваім агульным комплексе і ў дэталях меней разнастайная, чым жаночая. Мужчынскі касцюм складаўся з палатнянай кашулі і портак, пашытых з даматканага палатна або сукна ў залежнасці ад пары года. Гэты комплекс дапаўняўся верхняй адзежай, абуткам, галаўным уборам, а таксама ваўняным або раменным поясам, напрананым і па-над кашуляй, і па-над цёплай адзежай. Дадаткам да гарнітура з'яўлялася яшчэ скураная сумачка-каліта, якую насілі на папружцы праз плячо ці на поясе. У такім гарнітуры беларус хадзіў у святочныя і працоўныя дні.

Адметнай яго асаблівасцю было пераважанне белага колеру ва усіх элементах касцюма: белыя кашуля, нагавiцы, хустачкi-шырынкi на шыi, анучы, белыя i шэрыя армякi i свiткi.

Белую палатняную кашулю тунiкападобнага цi палiковага крою насiлi навыпуск. Яна мела адкладны ці стаячы каўнер, прамыя цi сабраныя ля манжэт у дробныя зборачкi рукавы. Святочныя кашулi звычайна шылi са стаячым каўняром, якi зашпiльвалi злева на два гузiкi, што давала магчымасць багата аздабляць вышыўкай манiшку. Акрамя манiшкi, вышыўкай аздаблялi манжэты рукавоў, каўнер i падол кашулi. У сярэдзiне ХIХ ст. вышывалi лiчанай гладдзю, а ў канцы ХIХ - пачатку ХХ ст. паўсюднае распаўсюджванне набыла вышыўка простым крыжыкам чырвонымi баваўнянымi нiткамi з невялiкiм увядзеннем чорнага колеру. Такое аздабленне мужчынскiх i жаночых кашуль паступова склала адну з нацыянальных адметнасцей беларускага традыцыйнага касцюма.

Нешырокiя льняныя штаны з ромбападобнай устаўкай, ушытай у штанiны вугламi, або з двума ўшытымi ззаду клiнамi запраўлялi ў анучы цi боты. Святочныя летнiя штаны такога ж крою ў гэты перыяд шылi ўжо часцей за ўсё з афарбаванага раслiннымi фарбавальнiкамi ў чорны колер iльнянога палатна, або паўсуконнага «шарака» (аснова з белых нiтак, а ўток - з чорных). З правага боку ў iх рабілi праразлую кiшэнь. Зiмовы варыянт шылi з даматканага сукна чорнага або карычневага колеру.

Зверху кашулi мужчыны падпяразвалiся самаробным плеценым цi тканым поясам - вузкiм чырвоным, сiнiм, зялёным з махрамi на канцах на ўсходняй Вiцебшчыне i Магiлёўшчыне i шырокiмi шматколернымi на Гомельшчыне. Сталыя i старыя мужчыны прывешвалi да пояса скураную калiту, але найчасцей проста ў правай кiшэнi штаноў насiлi кiсет з люлькай, тытунем i крэсiвам для высякання агню. Касцюм у некаторых мясцовасцях дапаўняўся камiзэлькай, якая звычайна шылася з даматканага сукна або камбiнавалася з палатном (перад з сукна, а спiнка з палатна).

Такім чынам, да першых дзесяцігоддзяў ХХ ст. захаваліся выразныя стылявыя асаблівасці народнага касцюма, па якіх устанаўліваецца тэрыторыя шасці асноўных рэгіёнаў распаўсюджанасці іх агульных і асаблівых рыс. Ва ўсіх гэтых рэгіёнах традыцыйнае святочнае адзенне складаецца з аднолькавых частак, але адрозніваецца ў каляровай гаме. Вялікі уплыў на фармаванне святочнага сялянскага адзення аказала гарадская мода, што прывяло да паступовай трансфармацыі і знікнення традыцыйнага святочнага адзення беларусаў.

Мужчынскія і жаночыя галаўныя ўборы беларусаў. У склад поўнага комплекса святочнага касцюма ўвахадзілі і галаўныя ўборы, якія былі вядомы ўсходнеславянскім народам з глыбокай старажытнасці. Яны адрозніваліся вялікай разнастайнасцю, у кожным рэгіёне Беларусі існавалі свае  своеасаблівыя галаўныя ўборы. Розныя віды галаўных убораў зяўляюцца адзнакай рэгіянальных адметнасцей традыцыйнага касцюма.

Да пачатку ХХ стагоддзя захаваліся адрозненні ў прычосках і галаўных уборах  дзяўчын і замужніх жанчын. Дзяўчыны на ўсёй тэрыторыі Беларусі валасы запляталі ў косы. Заплятанне валасоў у косы вядома ўсім усходнеславянскім народам, гэта паказвае, што гэты звычай даволі старажытны. Ва ўсіх усходніх славян косы плялі большай часткай у тры пасмы, уплятаючы на канцы рознакаляровыя стужкі - «каснікі», палоскі яркай тканіны ці шнур. Беларускія дзяўчыны валасы запляталі ў адну касу, як гэта шырока было вядома ў рускіх, або ў дзве, як ва ўкраінак. Нярэдка ў адной і той жа мясцовасці можна было сустрэць і тое і іншае.

Традыцыйныя галаўныя ўборы дзяўчын адрозніваліся ад убораў замужніх жанчын часцей за ўсё спосабам нашэння. Старадаўнія дзявоцкія галаўныя павязкі - «намёткі», «шырынкі», «скіндачкі» вырабляліся звычайна з тонкага кужэльнага палатна дамашняга вырабу.

Сялянскі галаўны ўбор ХІХ - пачатку ХХ ст. намітка ўяўляла сабой даволі доўгі рушнік (2 - 4 і болей метраў даўжыні і 40 - 65 см. шырыні) з добрага адбеленага белага ці светла - шэрага кужэльнага палатнага. У Беларусі існавала трывалая традыцыя дэкарыравання наміткі па краях, у асобных месцах і налобнай часткі вышытымі ці вытканымі бардзюрамі геаметрычнага, ромба-геаметрычнага, зігзагападобнага арнаменту, а таксама ўпрыгожанне аднаго ці двух канцоў махрамі, тасьмой, дробнай мярэжкай, белымі карункамі, дэкаратыўным швом. Для гэтага выкарыстоўвалі баваўняныя ніткі белага, чырвонага і чорнага колераў («горынь», «забалацце»). Вышывалі наборам, крыжыкам, «строчкай» і інш.

Традыцыя сціплага аздаблення наметкі была агульнабеларускай. У ХІХ стагоддзі ў многіх раёнах, як правіла, канцы галаўнога ўбору («беражкі») былі дэкарыраваны вузкім (2 - 4 см) бардзюрам геаметрычнага чырвонага колеру арнаменту, які часам дапаўнялі мярэжка ці мохрыкі.

«Завіванне» наміткі было складанай справай і патрабавала вялікага майстэрства ад жанчыны. Спачатку сялянка рабіла спецыяльную прычоску. Валасы, скручаныя на макаўцы галавы, акуратна ўбіралі пад чапец. На галаву надзявалі абручык - «падвічку» з распластанай лазы ці ясеня шырынёй у далонь і памерам у абхват галавы. Складзеную ў чатыры столкі намітку накладвалі на падвічку так, каб левы канец быў упоравень з локцем. Правым канцом навівалі спачатку пад падбародкам, затым праз сярэдзіну галавы перакладвалі направа, рабілі разварот на лоб. Пасля ён абыходзіў вакол галавы і на правай скроні замацоўваўся спосабам прадзявання знізу ўверх праз пятлю папярэдняга слоя. Левы канец перакладаўся праз макаўку галавы на правы бок, а правы - ізноў ішоў на лоб, абкручваў галаву і падтыкаўся зверху ўніз над левай скронню. Атрымліваўся галаўны ўбор у выглядзе шчыльна прыладжанай да галавы шапачкі з асіметрычна размешчанымі ўпрыгожанымі канцамі. Плат завіваўся на чапец ці «тканку» і больш простым спосабам. Сялянкі пры гэтым стараліся максімальна адкрыць позірку прыгажосць вышыванага аздаблення. Усе гэтыя дзеянні патрабавалі шмат часу, таму з мэтай эканоміі часу сялянкі замацоўвалі завітую намітку вялікімі шпількамі і рабілі яе здымнай. Каб намётка добра трымала форму сялянкі яе моцна крухмалілі, а пад наметку падкладалі цвёрды каркас з лубу ці кардону.

У маладых жанчын шырока быў распаўсюджаны спосаб нашэння наміткі, якую павязвалі вакол галавы і падбародка, а два канцы яе сіметрычна спускаліся на плечы.

Сярод галаўных убораў, якія бытавалі на тэрыторыі Беларусі, паўсямесна быў вядомы чапец. Чапец упершыню надзявалі дзяўчыне пасля вяселля, шот сімвалізавала пераход яе ў разрад жанчын. Крой чапцоў, пашытых з тканіны, даволі аднатыпны на ўсёй беларускай тэрыторыі. Шыюць яго звычайна з суцэльнага кавалка тканіны, у якім недалёка ад краю робіцца прарэз; пры сшыванні вялікая частка чапца збіраецца ў зборку ці дробную зморшчыну, дзякуючы чаму ўтвараецца акругленне для галавы. З чаго б ні выраблялі чапец, ён звычайна зацягваўся вакол галавы з дапамогай тонкай аборкі ці стужачкі, якая ўшывалася ззаду і завязвалася на патыліцы.

У чапцы жанчына хадзіла дома, працавала па гаспадарцы; пры выхадзе на вуліцу, у царкву, на гулянне чапец затулялі намёткай ці хусткай. Толькі чапцы, вырабленыя з паркалю, кумачу, атласа, з'яўляліся часам святочным галаўным уборам. Такія чапцы ўпрыгожвалі нашыўкай шаўковых стужак, цюлю вакол усяго каптура. Вышыўкай упрыгожвалася звычайна толькі пярэдняя лобная частка - «налобнік».

З другой паловы ХІХ стагоддзя замест намётак пачалі выкарыстоўваць хусткі. Хусткі былі рознага колеру і памеру, але часцей яны былі квадратнай формы. Хусткі былі адным з першых прамысловых вырабаў, які паявіўся ў простых сялянак, таму хусткі захоўваліся і перадаваліся ў спадчыну.

Разам з белымі хусткамі насілі яркія каляровыя і цёмныя аднатонныя. Па святах насілі шаўковыя і ваўняныя хусткі, а ў будзённыя дні - папяровыя, паркалёвыя. Найболей старыя спосабы повязвання хустак у нейкай ступені нагадвалі намётку. Адным з такіх спосабаў нашэння хусткі з'яўляецца повязванне яе вакол верхняй часткі галавы канцамі наперад. Хустка затуляла верхнюю частку лба і шчыльна ахопліваў галаву. Такім спосабам часцей завязваліся вялікія хусткі з махрамі. Нярэдка гэтыя хусткі апраналі (асабліва пажылыя жанчыны) паверх тканкі і чапца.

Старадаўнім спосабам з'яўляецца повязванне перагнутай па дыяганалі хусткі вакол верхняй часткі галавы канцамі назад (пры гэтым канцы яе і вузел зачыняліся іншай паловай хусткі, якая вольна падала на патыліцу ў выглядзе трыкутніка), а таксама повязванне хусткі канцамі назад вакол шыі. Насілі падобнай выявай хустку і паверх чапца і без яго. Завязванне хусткі канцамі пад падбародкам - найболей новы спосаб нашэння, які зявіўся ў беларусаў у канцы XIX ст.

Асобнае месцца сярод галаўных убораў займае вясельны вянок. На вяселлі ён іграў асобую ролю, меў сакральны сэнс.

Вянок уяўляў сабой галаўны ўбор вышынёй 10 - 15 см тыпу абруча на цвёрдай аснове з бяросты, кардону, лубу ў выглядзе цыліндра, трапецыі расшырэннем уверх або з узнятай наперадзе часткай накшталт кароны; аснова абцягвалася тканінай розных сартоў. Звонку вянкі ўпрыгожвалі штучнымі кветкамі, абрэзкамі матэрыі, фарбаваным перем, шклянымі пацеркамі. Ззаду начэпліваліся рознакаляровыя стужкі, палосы рознакаляровай тканіны, якія спадалі хвалепадобным пярэстым суквеццем на спіну.

Даследчык беларускага народнага касцюма М. Раманюк вылучае некалькі асноўных тыпаў вянкоў: вянкі-абручыкі, каркасныя і ў «шапачку». Незалежна ад канструкцыі ўсе яны ўпрыгожваліся кветкамі, перем, што рабіла галаўны ўбор тым элементам у дзявочым касцюме, які фіксаваў позірк на дзявочым твары.

Мужчынскія галаўныя ўборы адрозніваліся меншай разнастайнасцю. Гэта было выклінака тым, што мужчыны больш увагі надзялялі практычнасці, а не упрыгожанням. Асноўным матэрыялам, з якога вырабляліся галаўныя ўборы для мужчын былі тканіна, футра, лямец, салома. Ужо з другой паловы ХІХ стагоддзя ў вёску пачынаюць пранікаць гатовыя галаўныя ўборы, якія вырабляліся на прамысловых прадпрыемствах. Зяўляюцца новыя формы шапак, якія адпавядаюць тагачаснай гарадской модзе. Нягледзячы на гэта доўгі час на вёсцы працягваюць існаваць традыцыйныя галаўныя ўборы, але яны захоўваліся ў карыстанні меншы срок у параўнанні з жаночымі. Гэта было выклікана ў першую чаргу тым, што мужчыны мелі больш трывалую сувязь з горадам і пераймалі больш хутка гарадскую моду.

Асаблівага адрознення паміж святочным і паўсядзённым галаўным уборам у мужчын не было, яно складалася ў асноўным у тым, што паўсядзенны галаўны ўбор упрыгожваўся кветкамі, стужкамі. Адной са старажытных шапак была запазычаная ў венграў лямцавая магерка. У ХІХ стагоддзі яна стала нязменным галаўным уборам сялянства. Яе выраблялі звычайна з першай шэрсці ягнят у выглядзе каўпака, усечанага конуса, цыліндра з увагнутым ці выпуклым верхам і называлі «магерка», «валёнка», «брыль». Магерку лічылі недемнай прыналежнасцю беларуса дзякуючы сваёй надзвычайнай зручнасці, выкарыстоўвалі ў любую пару года. Выраблялі іх, па большай частцы, мясцовыя шапавалы.

Летнім галаўным уборам былі саламяныя капелюшы з рознымі па шырыні палямі. Зімой насілі шапкі з таннага футра, з аўчыны, суконныя з паласой футра па нізу.

У ХІХ стагоддзі атрымаў распаўсюджаванне картуз з фабрычнай тканіны і казырком. Паступова ён выцясніў магерку, брыль, аблавуху. Стаячыя аколышы былі 5 - 8 см вышыні і з цвёрдым казырком рознай формы: паўкруглыя, доўгія, прамыя, нахіленыя. Казыркі былі не толькі лакірованымі, а і абцягваліся скурай ці тканінай, як і ўвесь картуз. Святочныя картузы ўпрыгожвалі над казырком стужкамі, шнуркамі, кветкамі. У пачатку ХХ стагоддзя ўвайшлі ў моду ў сялян чорнага колеру фуражкі («ваенныя»), якія былі ўжо распаўсюджаным мужчынскім галаўным уборам у гэты час.

Фуражкі-картузы хутка распаўсюдзіліся сярод сялян і сталі асноўным уборам у пачатку ХХ ст. Прыгожы каляровы ток, каляны казырок надавалі гаспадару сурёзны выгляд. У другой палавіне ХХ ст. фуражка паступова страціла сваё былое значэнне і засталася ў ваеннай форме. З'явіўся новы галаўны ўбор - «кепка», шытая з сукна ці палатна (у залежнасці ад прызначэння да пары года), які заставаўся шырока пашыраным уборам на працягу ХХ ст.

Галаўны ўбор з'яўляецца адной з састаўных частак святочнага касцюма і арганічнай дапаўняе яго. Жаночыя і мужчынскія галаўныя ўборы складаліся на працягу стагоддзяў і адпавядалі эстытычным, утылітарным запатрабаванням вясковага насельніцтва. Жаночыя галаўныя ўборы больш доўгі час захоўвалі традыцыйныя рысы, а мужчынскія хутчэй успрымалі новыя з'явы, характэрныя для гарадской моды, што было абумоўлена іх практычнасцю.

 

Беларускі народны абутак. Абутак з'яўляецца неад'емнай часткай касцюма. У ХІХ - пачатку ХХ ст. асноўным матэрыялам, з якога выраблялі абутак, з'яўляўлася лыка. Гэта быў асноўны матэрыял, які быў характэрны для ўсіх усходнеславянскіх народаў. Пачынаючы з другой паловы ХХ ст., у вёску пачынае пранікаць абутак, выраблены на прамысловых прадпрыемствах, але адначасова працягвае існаваць і традыцыйны від абутку. Пакупны абутак захоўваўся доўгія гады, нярэдка перадаваўся ў спадчыну.

Лапці з лыка былі паўсядзённым абуткам і выкарыстоўваліся толькі для працы ў полі і гаспадарцы. Існавалі таксама лапці, якія вырабляліся са скуры. Па спосабу вырабу скураны абутак тыпу лапцей у беларусаў меў дзве разнавіднасці. У адным выпадку лапаць рабілі з прамакутнага кавалка скуры, які спераду сшывалі па цэнтру, што стварала востры насок. Па краях рабілі дзіркі для прадзявання абор, якімі лапці мацаваліся да нагі. Другая разнавіднасць скураных лапцей у беларусаў рабілася з кавалка скуры авальнай формы, скроенага па памеру ступні з прыпускам на барты, насок і заднік. Па краях у такіх лапцях таксама выразалі дзіркі для прадзявання абор. Каб лапці менш прапускалі вільгаць, іх змазвалі дзёгцем або тлушчам.

Як від традыцыйнага мужчынскага і жаночага абутку вясковага насельніцтва, скураныя лапці ў розных рэгіёнах Беларусі, разам з агульнапашыранай назвай «лапці», бытавалі пад тэрмінам «паршні», «пасталы» і інш. Пад уплывам пашырэння ў сялян абутку рамеснай і фабрычнай вытворчасці скураныя лапці пачалі знікаць у першыя дзесяцігоддзі ХХ ст.

Другім тыпам скуранога абутку, які насілі мужчыны і жанчыны, былі боты. Яшчэ ў другой палавіне ХІХ ст. іх часта шылі на прамую калодку, аднолькавыя для правай і левай нагі. У пачатку ХХ ст. жаночыя боты шылі ўжо нярэдка на высокім абцасе, з завужаным наском. Рамеснікі-шаўцы шылі жаночыя боты «з маршчынай», якія вышэй падёма на галянішчы мелі ад пяці да дзевяці маршчын. Такія боты звычайна мелі высокі абцас і крыху завужаны круглы насок. Іх у канцы ХІХ - пачатку ХХ ст. заказвалі дзяўчатам да вяселля, і потым яны насілі іх толькі ў святы. Часам халявы такіх ботаў яшчэ ўпрыгожвалі нашыўкамі кавалачкаў скуры іншых колераў, выстрочвалі каляровымі ніткамі і г.д.

Старадаўні скураны жаночы абутак - «чаравікі» ўяўлялі сабою невысокія боты, якія мала чым адрозніваліся ад скураных лапцяў - з аборамі. Для абор з бакоў па задніку чаравіка меліся прышытыя вушкі. Падобныя чаравікі ў канцы XIX ст. сталі выцясняцца «чаравікамі са скрыпам», званымі часцей «паўсапожкамі». Насілі іх толькі модніцы з заможных сем'яў. Паўбоцікі мелі спераду разрэз, які сцягваўся шнуркамі ці тоненькімі папружкамі. Яны не адрозніваліся адмысловай вытанчанасцю, але былі акуратней чаравік. Шылі такія чаравікі з чорнай, а часам чырвонай, параўнальна мяккай скуры. Найлепшымі лічыліся «казловенькія паўсапожкі», пашытыя з казінай скуры. Паўсапожкі сапраўды гэтак жа, як і боты, апраналіся толькі ва ўрачыстых выпадках, і таму нярэдка ўнучка даношвала бабуліны чаравікі. У ботах і чаравіках стаялі ў царкве, прычым апраналі іх толькі перад уваходам у храм. Усю ж дарогу ад хаты да царквы і зваротна ішлі басанож, несучы свой абутак - жанчыны пад мышкай ці ў вузельчыку, а мужчыны - на палачцы на плячах.

У 1920-1930-ых гг. у сялянскай моладзі ў якасці святочнага абутку ўжо былі пашыраны чаравікі розных фасонаў і рознай вышыні - ад ледзьве прыкрываючых шчыкалатку нагі і да паловы галёнкі на завышаным абцасе. Такія чаравікі спераду (значна радзей з унутранага боку) шнуравалі тонкімі раменьчыкамі, каляровымі шнуркамі, зашпільвалі на гузікі, гаплікі. Па швах яны ўпрыгожваліся звычайна мастацкай выстачкай, дарожкамі і ўзорамі прабітых дзірачак.

Галоўным мужчынскім святочным абуткам зяўляліся боты і сапагі. У паўсядзённам жыцці мужчыны аддавалі перавагу лапцям і толькі на святы апраналі пакупныя скураныя боты.

Заможныя сяляне насілі скураныя боты - «боты», «чобаты». Боты шылі з чорнай і жоўтай скуры пераважна «рантовыя» з нізкімі шырокімі абцасамі - «падборамi», якія прыбіваліся трывалымі жалезнымі цвікамі, а часам падковамі. Найболей распаўсюджанымі былі боты-осташы - нязграбныя прасторныя, але трывалыя боты, вырабленыя ў г. Осташкове Цвярской губерні, адкуль яны і атрымалі сваю назву. У такія боты ўзімку накручвалі шмат ануч, а ўлетку вольныя месцы запаўнялі саламянай подсцілкай.

Яшчэ ў сярэдзіне XIX ст. мужчынскія боты нярэдка былі вываротныя і шыліся на прамую калодку, г.зн. без адрознення, на якую - правую ці левую- нагу. Боты апраналі толькі па вялікіх святах і ва ўрачыстых выпадках. Дзякуючы ашчаднасці і багатай змазцы чыстым дзёгцем і салам, боты служылі ўладальніку вельмі доўга, часам нават перадаваліся па спадчыне. Падобныя боты насілі і жанчыны; нярэдка на ўсю сям'ю былі адны боты, якія насілі бацькі і дзеці. Боты з падковамі і доўгімі халявамі зваліся таксама «чобатамі».

Такім чынам, традыцыйнае адзенне беларусаў складвалася на працягу стагоддзяў і мела шмат агульных рыс з адзеннем рускіх і ўкраінцаў. Пры ўсёй падобнасці, адзенне беларусаў вызначалася своеасаблівымі рысамі: наяўнасцю элементаў адзення і назвай састаўных частак, характэрных толькі для Беларусі, колернай гамай, спосабах аздаблення. Увесь   строй паказваў эстэтычныя погляды насельніцтва, яго ўяўленні аб прыгажосці і г.д.

Рэчы хатняга ўжытку

Аўтар: Super User. Posted in Экскурсіі

Катэгорыя навучэнцаў: вучні 5-9 класаў.

Этнаграфія - гэта апісанне жыцця народа, яго побыту, традыцый, абрадаў.

Калатоўка. Яна продак сучаснага міксера. Ёй карысталіся, напрыклад, калі варылі гарбузовую кашу.  Кавалачкі гарбуза спачатку варылі, а потым калатоўкай разбівалі. А вялікай калатоўкай разбівалі кавалачкі мукі, калі варылі зацірку для свіней.

Драўляную лыжку і сёння можна сустрэць ў нашых хатніх гаспадарках. Такую вялікую лыжку называлі апалонікам. Выраб лыжак быў некалі промыслам. Выраблялі лыжкі лыжачнікі.

Ступа - традыцыйная прылада для апрацоўкі зерня на крупы. Выкарыстоўвалася і для іншых мэт. Ступу рабілі з кавалка тоўстага ствала дуба, граба, часам таполі або ліпы. У ствале выдзёўбвалі ці выпальвалі конусападобную выемку. Зерне ў ступе таўклі таўкачом. Часта таўклі ў два таўкачы. Зерне перад апрацоўкай сушылі, а ў працэссе таўчэння для таго, каб лепш аддзялялася шалупінне, крыху змочвалі вадой. Стоўчаныя крупы прасявалі на рэшаце ці ачышчалі пры дапамозе апалушак.

Пранік – плякаты драўляны брусок. Ён з’яўляецца продкам сучаснай пральнай машыны. Мылі бялізну на рэчцы, клалі яе на масткі і адбівалі пранікам, каб бялізна стала чыстай. Ім таксама аббівалі лён і проса.

Качалка. Яна з'яўляецца продкам праса. Качалка – прыстасаванне для разгладжвання тканых вырабаў. Тканіну спачатку накручвалі на качалку (даўжыня 40-60 см, дыяметр 5-6 см), затым раскачвалі пры дапамозе валка. Валок – прамы ці вогнуты драўляны брус з нарэзанымі ўпоперак зубцамі.

А пазней ужо з'явіліся вугальные прасы. У нас іх некалькі, і ўсе яны розныя.

Кош (кошык). У сялянскай хаце ён быў халадзільнікам : ў ім захоўвалі прадукты, клалі каўбасу, сала і падвешвалі да столі, каб мышы не з'елі, у ім прасушвалі сыры, трымалі грыбы, зёлкі. Называўся такі кож сажам.

Лапата, якой садзілі хлеб у печ. Рабілі яе з дошкі звычайна лісцевых парод дрэва. Каб цеста лягчэй ссоўвалася на чарэнь, краі лапаты рабілі танчэйшымі. Перад тым, як саджаць цеста ў печ, гаспадыня пакрывала лапату хрэнавым, кляновым ці дубовым лісцем, аерам і пасыпала зверху мукой. Захоўвалі хлебную лапату ў варыўні або ў каморы. Драўляныя лапаты рабілі для падгортвання бульбы ў буртах і для перамешвання збожжа на таку.

Вельмі важнай культурай для беларусаў быў лён. Ільняная тканіна ішла на вопратку, з ільна ткалі розныя патрэбныя рэчы. Але каб лён ператварыўся ў гэтыя рэчы, трэба было шмат папрацавацьз ім. Усе працэсы, звязаныя з апрацоўкай ільняной сыравіны і падрыхтоўкай яе да ткання, выконваліся ўручную – звычайна гэта была жаночая работа. У кастрычніку лён мялі, трапалі, часалі. Гэта церніца, або мялка - прылада для (мяцця) ільняной ці канаплянай трасцы. А трапалі лён восьтакім траплом. У нас пакуль няма станка , які называўся кросны ,але ў нас ёсць дэталі гэтага станка- берды, ніты, чаўнок. Чаўнок – ткацкая прылада для пракідання утку ў працэсе ткання.

На кроснах ткалі. Вось гэта посцілка, абрус, ручнік сатканы на кроснах. Сыравінай для ткацтва на Беларусі здаўна служылі лён, воўна, радзей пянька. У лістападзе пачыналі прасці. Пралі пры дапамозе верацяна або калаўрота на працягу ўсяго тыдня за выключэннем святочных дзён і нядзелі. Затым пражу рыхтавалі да ткання: бялілі або фарбавалі, снавалі. У працэсе адбельвання маткі пражы вымочвалі ў шчолаку,залівалі ў жлукце, паласкалі і развешвалі на сонцы. Верацяно – прылада для ручнога прадзення льну, воўны, пянькі. У старажытныя часы гэта была драўляная завостраная палачка, пазней – конусападобная палачка даўжынёй 20-30см з завостраным верхам, патоўшчаным нізам.    Калаўрот – самапрадка, прылада для механізаванага прадзення льну і воўны ў хатніх умовах. На Беларусі вядомы два тыпы – стаяк (больш характэрны для заходніх раёнаў) і ляжак (пераважаў ва ўсходніх і паўднёва-ўсходніх раёнах). Калаўрот складаецца з кола, педалі і прадзільнага апарата. На Беларусі калаўроты з’явіліся ў 16 стагоддзі на мануфактурных прадпрыемствах. У сялянскім побыце выкарыстоўваліся з сярэдзіны 19 ст.

Палатно вымочвалі, выбівалі пранікам на рэчцы, паласкалі, а затым рассцілалі на роснай траве (прадвеснем на снезе) для бялення пад сонечнымі промнямі. Асноўнай сыравінай для фарбавання ў хатніх умовах служылі натуральныя фарбавальнікі: адвары або настоі лісця,кары дрэў, сцяблоў, кветак,каранёў траў. У выніку змешвання розных кампанентаў атрымлівалі патрэбны колер.

У сакавіку, калі дзень павялічваўся, у хату прыносілі ставы і ўвесь панарад (ніты, бёрды, набіліцы і інш.). У наладцы красён і ткацтве звычайна ўдзельнічала 2 – 3 жанчыны. Гэта віток (матавіла), на яго наматвалі ніткі.

У нашым этнаграфічным музеі можна пазнаёміцца і з некаторымі беларускімі промысламі. Адным з самых распаўсюджаных промыслаў было ганчарства. Гліняны посуд выраблялі ганчары. На нашай паліцы вы бачыце збаны, а гэта спарышы. У іх насілі ежу ў поле: адразу можна было занесці дзве стравы. Гэта—збан. Пасудзіна добра вядомая. У ім звычайна трымалі малако. Бакі ў збана выпуклыя, шыйка—звужаная. Мае ручку і носік-дзюбку, каб тое ж малако лёгка, роўным струменьчыкам лілося ў міску ці ў кубак.

         Гарлач старэйшы за збан. Яны падобныя, як браты, толькі гарлач без ручкі і не мае носіка-дзюбкі зверху. Пасудзіна адна, а называлі яе дзе збаном, дзе гарлачом, а дзе стаўбуном.Ён і сёння карыстаецца попытам. Прыгожа глядзіцца ён і на кухоннай паліцы, і на абедзенным стале.

Драўляны посуд, такі, як гэта маслабойка, рабілі бондары. Бондары выраблялі і выдаўблены посуд, напрыклад, ночвы. Прызначаліся для мыцця бялізны, прыгатавання сечанай капусты (якую ссыпалі потым убочку), мяса для каўбас і інш. Рабілі з драўлянага цурбана (асіны,ліпы), колатага папалам. Невялікія начоўкі для ачысткі зерня называюцца апалушкі. У сваёй рабоце бондары карысталіся інструментам чакухай, або доўбняй.

Вельмі важным чалавекам у вёсцы быў каваль. Ён у кузні рабіў сярпы, косы, іншыя прылады працы, падкоўваў коней падковамі. У кузні было многа розных інструментаў. Напрыклад, такі дрыль для свідравання дзірак у тонкіх загатоўках і драўляных вырабах. А гэта кола зроблена з цэльнага кавалка дрэва. Каб зрабіць яго, трэба было ведаць шмат сакрэтаў. Рабіў павозкі з такімі коламі стэльмах. А каб запрэгчы каня ў павозку, патрэбна была збруя: хамут, сядзёлка, уздзечка. Збрую рабілі рымары.

Да народных промыслаў адносіцца саломапляценне. Такія павукі былі ў кожнай беларускай хаце. Лічылася, што яны збіраюць усё дрэннае, аберагаюць гаспадароў.Вясной павук спальваўся, і кожны год рабіўся новы.      Сялянскія хаты ўпрыгожвалі рушнікі. Ручнікі ўжываліся для штодзённага і святочнага дэкаратыўнага ўпрыгожвання жылля і абразоў (набожнікі); былі адным з неабходных абрадавых атрыбутаў у вясельным і пахавальна-памінальным абрадах. Уваходзілі ў пасаг нявесты, з’яўляліся неабходнай часткай падарункаў нявесты жаніху, сватам, родзічам жаніха. Ручніком перавязвалі цераз плячо важнейшых удзельнікаў вяселля. Іх пасцілалі як “падножнік”,на які станавіліся маладыя ў час царкоўнага вянчання, выкарыстоўваліся для абрадавага звязвання маладых, для абгортвання рук нявесты і жаніха ва ўрачыстыя моманты вяселля. Ручнікі клалі нябожчыку ў труну, нярэдка абівалі яе, прывязвалі да павадоў каня, які вёз нябожчыка на могілкі. На ручніках апускалі труну ў магілу, ручніком упрыгожвалі надмагільны крыж.  Як знак жалобы,  ручнік вывешвалі за акно на сарачыны, на дзяды. У час засухі, эпідэмій, вайны і інш. няшчасцяў жанчыны ўсяго сяла ткалі на працягу дня ці ночы абыдзённік ,які выконваў функцыю апатрапея. Узорысты ручнік - адзін з прадметаў, які найчасцей ахвяроўвалі як дар у царкву, касцёл, капліцу, на крыжы, што стаялі на расстайных дарогах. Ручнікі займалі таксама важнае месца ў каляндарных звычаях і абрадах. На вадохрышча ручнікі часам упрыгожвалі ледзяны крыж, на сёмуху іх ахвяроўвалі бярозе як духу расліннасці, на Купалле разам з вянкамі з жывых кветак развешвалі на прыдарожныя крыжы, на зажынках першы сноп абвязвалі стужкамі, прадзівам ці ручніком, ім жа ахіналі гэты сноп у куце. З дапамогай ручніка быццам бы ажыццяўлялася сувязь паміж нашчадкамі і продкамі.

 

Гармонік і цымбалы – гэта традыцыйныя народныя музычныя інструменты. Ігры на цымбалах навучаліся (па слыху, сам праз сябе) ад бацькоў або ад вядомага ў наваколлі “майстра”. Інструмент ансамблевы, які традыцыйна спалучаўся са скрыпкай, катрынкай, кларнетам, гармонікам, бубнам ці талеркамі. Ансамблі з удзелам цымбал ігралі звычайна на вяселлях, хрэсбінах, бяседах, дзе шмат танцавалі і спявалі. Найбольш раннія ўпамінанні пра цымбалы сустракаюцца ў літаратурных помніках        Беларусі    16 стагоддзя.