Все для Joomla . Бесплатные шаблоны и расширения.

Традыцыйнае беларускае адзенне

Автор: Super User. Опубликовано в Экскурсіі

Тэматычная экскурсія “Традыцыйнае беларускае адзенне”

 

Адзенне з’яўляецца важным этнічным і сацыяльным паказчыкам. Яно выконвае не толькі практычныя, але і этнакультурныя, эстэтычныя, абрадавыя, магічныя функцыі. Адзенне адлюстроўвае дух эпохі, пануючы стыль і моду, індывідуальны густ, пачуцце меры, псіхалогію чалавека, яго фізічны стан, узрост, сямейнае становішча.

У шырокім сэнсе адзенне – гэта не толькі вопратка, але і галаўныя ўборы, абутак, упрыгожванні. У залежнасці ад тыпалагічных асаблівасцей яно падзяляецца на мужчынскае і жаночае (можна вылучыць дзіцячае і юнацкае), летняе і зімняе або верхняе паўсядзеннае і святочнае.

Матэрыяламі для адзення служыла мясцовая сыравіна – лен, пянька, воўна, а таксама аўчына, футра, скура і інш. У якасці  фарбавальнікаў выкарыстоўвалі настоі розных кветак і траў, лісце і кару, балотную руду, гліну. Асноўныя фарбы, што складалі каляровую гаму народнага адзення, - чырвоная, сіняя (васільковая), чорная, бурая (альховая).

Мужчынскае адзенне.У тыповым варыянце традыцыйны комплекс мужчынскага адзення складалі доўгая, амаль да каленяў, кашуля і штаны з даматканага палатна натуральнага (белага) колеру; галаўны ўбор – валеная з воўны або пашытая з сукна шапка (магерка), у зімовую сцюжу – вушанка (аблавуха) з аўчыны; асноўны абутак – лапці, часцей лыкавыя, больш заможныя па святах насілі скураныя боты.

З’яўляючыся неабходным элементам беларускага адзення, паясы адыгрывалі важную ролю ў звычаях і абрадах. Іх даравала нявеста свайму выбранніку напярэдадні і ў час вяселля, іх бралі з сабой, ідучы ў адведкі да парадзіхі, імі спавівалі нованароджаных і гадавалых дзяцей, іх ахвяравалі царкве, яны выкарыстоўваліся як рытуальныя атрыбуты ў час гаданняў, замоў, заклінанняў. Паясы вызначаліся вялікай разнастайнасцю, адрозніваючыся сваімі памерамі, наяўнасцю дадатковых дэталяў, узорным арнаментам, спосабам вырабу.

Жаночае адзенне. У тыповым варыянце традыцыйны жаночы комплекс складалі доўгая палатняная кашуля (сарочка), спадніца, фартух, безрукаўка. Кашулямела просты свабодны крой. Святочныя кашулі ўпрыгожваліся багатым вышываным ці тканым арнаментам на плячах, манжэтах рукавоў, каўнерыку, радзей – па ворату і падолу. Спадніца адносіцца да паяснога жаночага адзення. Неабходным кампанентам традыцыйнага жаночага ўбору быў фартух(хвартух, пярэднік, запаска). Яго рабіліся нярэдка з шарсцяной тканіны. Безрукаўка (камізэлька, шнуроўка, кабат, гарсэт, кітлік) зашпільвалася на гузікі ці шнуравалася па ворату, шчыльна аблягаючы жаночы стан. Верхняе (зімовае) адзенне жанчын нязначна адрознівалася ад мужчынскага. Світы, буркі, кажухі, шубы, насовы, кажушкі, сярмяжкі – усе гэтыя віды верхняга адзння ў аднолькавай ступені былі ўласцівы як мужчынам, так і жанчынам.

Галаўныя ўборы.Найбольш старажытныя ўборы мужчын– суконная ці футравая шапка сферычнай формы, у жанчын – чапец, дзяўчаты, апрача чэпчыкаў, насілі вянок. У ХVІІІ – ХІХ стст. найбольш пашыранымі галаўнымі ўборамі мужчын былі зімовыя аблавухі і шапкі-магеркі. У летнюю пару насілі капелюшы, ці брылі, якія плялі з саломкі, ліпавых валокнаў ці валялі з воўны, як і магеркі. Яны мелі шырокі аколыш і ўпрыгожваліся ўнізе дэкаратыўнай акаемкай. У канцы ХІХ ст. распаўсюдзіўся картуз (фуражка), крыху пазней – кепка, якая бытуе да нашага часу.

Асаблівай разнастайнасцю вызначаліся галаўныя ўборы жанчын, сярод іх – наміткі, чапцы, хусты, вянкі, галавачкі і інш. Замужнія жанчыны не маглі з’яўляцца ў грамадзе з непакрытай галавой, без наміткі, баючыся апраставалосіцца перад людзьмі. Уборам незамужніх дзяўчат была і скіндачка, што рабілася з кужэльнага палатна і мела больш вузкую сярэднюю частку і шырокія канцы.

 

Абутак. Найбольш пашыраным паўсядзенным абуткам беларускага сялянства на працягу некалькіх стагоддзяў былі лапці. Іх плялі з ліпы, лазы, пяньковых ці льняных вяровачак (аборкі). Лапці насілі разам з ільнянымі анучкамі, якімі абгортвалі нагу амаль да калена і замацоўвалі аборкамі ці рамянямі, што прапускаліся праз вушкі лапцей. Апрача плеценых, ужываліся і скураныя лапці – пастолы, вядомыя са старажытных часоў.У святочныя дні, асабліва калі ішлі ў царкву ці ехалі ў мястэчка на кірмаш, надзявалі боты (ці чобаты). Звычайна яны мелі высокія халявы (галянішчы), якія падкрэслівалі маемасны цэнз уладальніка, іх шылі па заказу ў майстроў-шаўцоў.