Интернет-магазин nachodki.ru

Ручнікі

Автор: Super User. Опубликовано в Экскурсіі

Тэматычная экскурсія “Ручнікі”

Бялюткія на сценах ручнікі.

Прыгожых мараў мамы яны сведкі,

А кветкі—не знайсці ў жыцці такіх,

Шукай такія ў райскім садзе кветкі.

Вунь колькі іх—вялікіх і малых,

Агністых і ружовых, жоўтых, сініх,

У кошыках, вяночках і без іх,

На ручніках, дарожках і прасцінах.

А мама нешта вышывае зноў.

За вокнамі мяцеліца гуляе.

Аб чым ты, мама, марыш між снягоў?

Дзе, у якіх цяпер блукаеш далях?

А кветкі яркія, як памяць аб тых днях,

Дзе песня твая лепшая не спета…

Вятры злуюць, галосяць у снягах,

А ў хаце мамінай красуе лета.

Доўгімі зімовымі вечарамі, скончыўшы ўсе дзенныя клопаты па гаспадарцы, жанчыны збіраліся разам. Пралі, ткалі, вышывалі. У беларускім народзе такія пасядзелкі называліся вячоркамі. Гэта таксама была работа, а хутчэй за ўсе нават не работа, а аднолькавае для кожнай гаспадыні “ хобі ”, таму што і ад працэсу працы, і ад яе вынікаў кожная атрымлівала вялікае, светлае задавальненне.

Акрамя  практычнага ўжытку, эстэтычнага выкарыстання,   даматканыя вырабы, асабліва ручнікі, мелі недругараднае дачыненне ў абрадавых дзеяннях нашага народа. Устойлівае рытуальнае выкарыстанне ручніка разам з хлебам.  Звычайна хлеб-соль падносілі на ручніку , на разасланы ручнік хлеб клаўся на стол . Хлеб як сімвал урадлівасці, багацця разам з ручніком паказваў , што і ручнік мае блізкую сімволіку, звязаную з багаццем, шчасцем, урадлівай глебай. Шырока выкарыстоўваўся ручнік, напрыклад , у вясельных абрадах. На ручнік станавіліся маладыя ў час вянчання. Ужываўся ручнік і для абгортвання рук маладых, калі іх урачыста абводзілі  вакол стала, заводзілі за стол. Такім жа чынам жаніха і нявесту ўводзілі ў царкву. Гэта сімвалізавала адзінства маладых. Кульмінацыйны момант вяселля – прыезд павянчаных да хаты маладога – суправаджаўся своеасаблівай выставай пасагу нявесты: ручнікоў, абрусоў, посцілак, што  з’яўлялася лепшым доказам  здольнасці нявесты ткаць, а ў будучым – апранаць  сям ‘ю.

Ручнік шырока ўжываўся не толькі ў вясельнай, але і ў жалобнай абраднасці. Адзін з такіх старажытных звычаяў – вывешванне ручніка з акна, пад якім стаяла труна з нябожчыкам. І ў знак жалобы, і для “патрэб” нябожчыка, які, паводле павер’ я, можа вярнуцца ў пакінутую хату. Ручнікамі абвязвалі і надмагільныя крыжы. Ручнік ужываўся  і пры ўшанаванні духаў  продкаў на Дзяды. Рытуалы з ручніком адрозніваліся паводле формы, але  сутнасць іх была адна – ушанаванне продкаў. Такім чынам, ручнік быў сімвалічным пасрэднікам паміж зямным жыццем і замагільным светам.

Беларускі ручнік арнаментаваўся пераважна ўзорыстым тканнем. Да найбольш пашыранага тыпу адносіцца кампазіцыя з адной ці некалькіх папярочных палосбардзюраў, падпарадкаваных адзін аднаму і ўтвараючых адзінае цэлае. арнамент ручніка звычайна багаты і разнастайны. На рубяжы 19-20 стст. у ім пераважалі даўнія ромба-геаметрычныя ўзоры, потым з’явіліся раслінныя матывы.

 

Посцілкі, ручнікі, абрусы і іншыя тканыя і вышываныя рэчы былі не проста ўжыткам хатняга абіходу. Узоры тканых і вышываных вырабаў – гэта зашыфраваны аповед пра жыцце народа, яго працу, шчасце і нястачы, мары і спадзяванні.