Интернет-магазин nachodki.ru

Сакральны свет беларусаў

Автор: Super User. Опубликовано в Экскурсіі

Тэматычная  экскурсія “Сакральны свет беларусаў” 

Катэгорыя навучэнцаў: вучні 5 -9 класаў.

Мэта: знаёмства  з сакральным светам продкаў, з магічным дзеяннем акружаючых іх рэчаў.

Задачы: - пазнаёміць вучняў з сакральным светам беларусаў;

  • пазнаёміць з верай продкаў у магічную сілу рэчаў ;
  • фарміраваць пачуццё адказнасці за захаванне народнай спадчыны;
  • выхоўваць цікавасць да гісторыі і этнаграфіі роднага краю;
  • стымуляваць вучняў да даследніцкай дзейнасці

Абсталяванне: экспанаты “Беларускай хаткі”

План правядзення:

  1. Слова настаўніка.
  2. Выступленне экскурсаводаў “Грамнічная свечка”.
  3. Выступленне экскурсаводаў “Калыска”.
  4. Выступленне экскурсаводаў “Акно”.
  5. Выступленне экскурсаводаў “Ручнікі”.
  6. Выступленне экскурсаводаў “Адзенне”
  7. Выступленне экскурсаводаў “Лялька”.
  8. Выступленне экскурсаводаў “Павук”.

Ход экскурсіі

Слова настаўніка   Моцна трымаецца беларус даўніх, прадзедаўскіх звычаяў, даўно ўжо забытых іншымі народамі. Свята верыць у магічную і сакральную сілу рэчаў, так як і продкі яго калісьці  верылі.

А гэтыя рэчы акружалі нашых продкаў на кожным кроку ў іх паўсядзённым жыцці.

Экскурсавод 1.  Грамнічная свечка, грамніца - свечка, асвечаная ў храме на свята Грамніцы (15 лютага н. ст.). Паводле народных уяўленняў, была надзеленая чароўнаю сілаю, як і некаторыя іншыя свечкі: перадвелікодная, чацвярговая (асвечаная ў Чысты чацвер), велікодная (пры якой асвячаюцца стравы на Вялікдзень), вянчальная (выкарыстоўвалася ад ліхаманкі). Агонь грамнічнай свечкі  прыроўніваўся да жывога агню, атрыманага ад маланкі ці шляхам трэння двух кавалкаў дрэва адзін аб адзін. Грамнічную свечку запальвалі і ставілі на покуці пры пачатку грому і навальніц, каб маланка не запаліла хату. Пры першым громе прыпальвалі крыж-накрыж з 4 бакоў агнём валасы ў дзіцяці або адзін у аднаго ад пярэпалаху, ад сурокаў. Агнём грамнічнай свечкі выводзілі на бэльцы ў хаце крыж-абярэг. Выкарыстоўвалі грамнічную свечку у аграрнай абраднасці і ў жывёлагадоўлі – бралі з сабою ў поле на першае ворыва і на зажынкі; у Градавую сераду ( пасля Ражства, Вялікадня і сёмухі) абыходзілі палеткі з запаленай грамнічнай свечкай, каб іх не пабіў град; запальвалі  грамнічную свечку пры першым выпасе скаціны; пасля ацёлу карове падкурвалі саскі перад першым кармленнем цяляці, каб яно вырасла тлустае. Пашырана было выкарыстанне грамнічнай  свечкі у сямейнай абраднасці і ў розных побытавых сітуацыях. Пры цяжкіх  родах грамнічную свечку запальвалі перад абразамі. Калі збіраліся расчыняць хлеб з новай мукі, то абкурвалі агнём грамнічнай свечкі квашню.

Экскурсавод 2. Найчасцей ужывалася грамнічная свечка на пахаваннях і памінках. Падчас канання хвораму давалі ў рукі запаленную грамнічную свечку, каб анёлы, убачыўшы яе, прыйшлі на дапамогу; каб агонь асвятляў паміраючаму дарогу ў іншы свет аж да моманту смерці. Калі чалавек, сканаўшы, утрымліваў грамнічную свечку ў руках, лічылася, што ён памёр праведнікам. Пасля смерці бралі грамнічную свечку з рук нябожчыка, тушылі, праводзячы яе крыж – накрыж. Калі дым падымаўся ўгару – гэта значыла, што душа пакінула цела і ідзе да праведнікаў, а калі дым слаўся па хаце, то душа яшчэ на адыходзе ад цела і павінна будзе прайсці праз пакуты.  Пры заразных захворваннях абносілі вёску запаленай грамніцай і на кожным з 4 канцоў закопвалі ў яму крыху воску. У грамнічную свечку выразна ўвасобіўся старажытны культ агню.

Экскурсавод 1. Ложкі для немаўляці, старадаўнія віды традыцыйнай народнай мэблі, прызначаныя для калыхання дзіцяці, адрозніваліся канстукцыйна і паводле спосабаў калыхання, калыбання, гойдання, зыбання. Сімвалічна стасуецца з матчыным улоннем, хатай, дамавінай і арэлямі (параўн. бел. калыска “арэлі”). З калыскай, былі звязаны шматлікія павер’і і засцерагальныя захады, пачынаючы ўжо ад моманту яе вырабу і нават выбару матэрыялу. Так, лічылася, што калыску, павінны рабіць абавязкова староннія людзі, іначай дзіця можа неўзабаве памерці. З другога боку. Было вельмі пажадана, каб калыску, рабіў сам бацька або хаця б нешта дарабіў ці навязаў вяровачкі, а то дзіця не будзе яго шанаваць.

 Прынесеную ў хату калыску, перш-наперш абкурвалі асвечанымі зёлкамі і ставілі так, каб на дзіця не падалі ні сонечныя, ні месяцовыя промні. Нованароджанае дзіця не адразу кладуць у калыску, а толькі пасля “хрэсту”. Калі трэба ўладкавацца з калыскай, так, а не іначай, падлогу вакол яе пасыпалі попелам асвечанай вярбы. Паўсюль забаранялася калыхаць пустую калыску, каб не калыхаць чорта, хваробу або каб дзіця не памерла. Пад калыскай, або ў яе клалі вострыя ці металёвыя (жалезныя) прадметы (напрыклад, іголку, нож, шпільку), крыжык, ладун, вугольчык, “пячыну” (кавалачак гліны ад печы), хлеб-соль, ката, каб захаваць дзіця ад нядобрых уплываў. Сваю ролю адыграла прасторавая адарванасць калыскі ад зямлі, ад “нізу”, што адпавядала ў агульнай скіраванасці на захаванне жыццёвай сілы дзіцяці.   Калыска станавілася першай “хаткай” маленькага чалавека, у яе, як і на вяселлі ці ўваходзінах, найперш пускалі ката, укладалі пірог. Маючы на ўвазе беспасярэднія сімвалічныя судачыненні калыскі з труной (параўн. успрыманне іх як “часовых” змясцілішчаў чалавека, як праваднікоў з аднаго свету на другі; часта калыску, як і труну, “спраўлялі” толькі чужыя людзі), падкрэсліваецца важнейшы сэнсавы лейтматыў сімволікі калыскі – быць канцом шляху, па якім дзіця прыйшло з таго свету, і пачаткам жыцця гэтага. Калыска з’яўляецца сімвалічным адпаведнікам мацярынскага ўлоння: і пакіданне калыскі, і з’яўленне на свет пазначалі новы этап у жыцці чалавека.

 

Экскурсавод 2. Акно - адзін з міфапаэтычных сімвалаў і элемэнтаў жытла. У сэмантыцы вобраза акно найбольш рэалізуюцца такія апазіцыі, як вонкавы—унутраны і бачны—нябачны. Суадносіцца з ідэяй уваходу, пранікальнасьці, сувязі жылля з вонкавым светам. Акно звязвае  жыллё не проста з астатнім светам,  а са светам касмічны х з'яў і працэсаў (з сонцам, месяцам, бакамі свету). Пранікненьне птушак праз акно ў дом лічылася прадвесцем бяды. Тым часам праз акно выносілі памерлых нехрышчоных дзяцей і дарослых нябожчыкаў, якія памерлі ад «гарачкі». У выпадку смерці ў доме на акно ставілі ваду, «каб душа абмылася». Праз акно ажыццяўляецца сімвалічная сувязь са светам мёртвых.  Лічылася асабліва небяспечным пакідаць вокны адчыненымі і  не  перахрышчанымі нанач, таму што праз  іх могуць тады ўвайсці  нябожчыкі і нячысцікі і задушыць спячых. Акно лічылася своеасаблівым вокам дома .Раней быў пашыраны звычай мець у хаце тры акны «ў імя сьвятой Тройцы», а большая  колькасьць вокнаў рабілася толькі ў выключных выпадках, і то з бласлаўленьня святара і дазволу вясковага сходу.

Экскурсавод 2. Адзенне з’яўляецца важным этнічным і сацыяльным паказчыкам. Яно выконвае не толькі практычныя, але і этнакультурныя, эстэтычныя, абрадавыя, магічныя функцыі. Адзенне адлюстроўвае дух эпохі, пануючы стыль і моду, індывідуальны густ, пачуцце меры, псіхалогію чалавека, яго фізічны стан, узрост, сямейнае становішча, сацыяльную і прафесійную прыналежнасць.

У шырокім сэнсе адзенне – гэта не толькі вопратка, але і галаўныя ўборы, абутак, упрыгожванні. У залежнасці ад тыпалагічных асаблівасцей (канструкцыі, спалучэння асобных частак у агульным комплексе, канкрэтных функцый) яно паджяляецца на мужчынскае і жаночае (па сваіх асаблівасцях тут можна вылучыць яшчэ і дзіцячае і юнацкае), летняе і зімняе або верхняе (прамежкавы варыянт – дэмісезоннае), паўсядзеннае і святочнае.

Матэрыяламі для адзення служыла мясцовая сыравіна – лен, пянька, воўна, а таксама аўчына, футра, скура і інш. Найбольшую ўвагу звярталі на ўпрыгожванне рукавоў, што звязана з верай у магічную сілу чырвонага рамбічнага арнаменту, які нібыта засцерагаў рукі ад злых духаў, надаваў моц і дужасць як асноўным у працы. Разнастайнае паясное адзенне беларускіх жанчын: многія віды спадніц (андарак, палатнянік, саян, летнік), паневы, фартукі. Іх краілі з некалькіх прамавугольных полак і багата аздаблялі.  Дэкаратыўны малюнак спадніцы і панева-клетка, падоўжаныя або папярочныя палосы ў чырвоным, сіне-зялёным ці серабрыста- белым каларыце.

         У якасці  фарбавальнікаў выкарыстоўвалі настоі розных кветак і траў, лісце і кару, балотную руду, гліну. Асноўныя фарбы, што складалі каляровую гаму народнага адзення, - чырвоная, сіняя (васільковая), чорная, бурая (альховая).

Экскурсавод 1. Ручнік -  тканіна ўтылітарнага, абрадавага, дэкаратыўнага прызначэння. У Беларусі распаўсюджаны Р. памерам ад 25 да 45 см ушырыню і ад 1 да 4 м (часцей - 2-3 м) удаўжыню.  Выкарыстоўваецца як прадмет паўсядзённага ўжывання, як атрыбут вясельнага, пахавальнага, памінальнага абрадаў, у час свят (на Вадохрышча, Купалле, Сёмуху, Зажынкі) як прадмет, надзелены здольнасцю засцерагаць ад бед, няшчасцяў, у аздабленні жылля, абразоў. Да  пачатку ХХ ст.  ручнікі  шырока выкарыстоўваліся  ў  дэкаратыўных  і абрадавых мэтах.  Ручнікамі – набожнікамі прыбіралі абразы.  Ручнікі былі абавязковым атрыбутам у вясельных, радзінных абрадах: на іх прымалі народжаных, яны ўваходзілі ў пасаг нявесты, былі неабходнай часткай падарункаў  нявесты  жаніху, сватам,  радным  жаніха; іх перавязвалі цераз плячо свата, пасцілалі пад ногі маладым у час вянчання; на ручніках апускалі труну ў магілу, іх павязвалі на магільны крыж. У  часы  засухі,  войнаў,  эпідэмій  жанчыны  адной  вёскі  за дзень  ці  ноч  ткалі ручнік-абыдзённік,  які  вешалі  на прыдарожны крыж, абносілі вакол вёскі, праганялі па ім хатнюю жывёлу.

Ручнікі – ўціральнікі служылі для бытавых патрэб, у ручніках – трапкачах насілі абед у поле.

Для беларускіх ручнікоў характэрна спалучэнне чырвонага дэкору (у выглядзе некалькіх папярочных палос) на белым фоне, аздабленне разнастайным па тэхніцы ўзорыстым натыканнем, вышыўкай геаметрычнымі і расліннымі ўзорамі, карункамі, арнаментаванымі прошвамі, махрамі, палоскамі чырвонага паркалю.

Экскурсавод 1. Адмысловая ахоўная роля адводзіцца засцярогам у самым пачатку жыцця чалавека - "засцярогам дзяцінства". Засцярогі закліканы ўсцерагчы дзіця ад уплыву шкоднасных сіл і палегчыць яго сацыялізацыю. Таму шырокі распаўсюд сярод засцярогаў мелі тканевыя лялькі.

Экскурсавод 2. Ва ўсе часы для дзяцей майстравалі лялькі. Адна з асаблівасцяў выраба аберагаючых тканевых лялек - недапушчальнасць выкарыстання колючых і рэжучых прадметаў, якімі чалавек можа параніцца. Таму лапікі і ніткі для будучых лялек трэба было не рэзаць, а рваць. Сяляне верылі, што 5 жніўня (22 ліпеня) на Трафіма Бяссонніка нячыстая сіла - Паўночнік і Паўночніца са сваімі слугамі Начніцай, Шчакаціхай і Будзіхай апоўначы абыходзілі двары і будзілі маленькіх дзяцей, не даючы ім спаць. Устрывожаныя маці, каб адпужваць Паўночніцу, бралі малянят і тройчы дакраналіся іх ножкамі папярочнай бэлькі на столі, якую звалі трамай. Затым, паклаўшы маляня ў зыбку, плюнуўшы тройчы праз левае плячо, дзеялі загавор: "У імя Айца, і сына, і Святога Духу. Паўночніца Ганна Іванаўна, па начах не хадзі, раба(у) божага(ую) не будзі. Вось табе работа: днём гуляй пястом ды ступай, а ўначы маціцай. Ва векі вякоў. Амэн". Калі загавор не дапамагаў, то рабілі магічную калыскавую ляльку з лапікаў тканіны.

Экскурсавод 1. У вёсках за два тыдні да нараджэння будучая мама рабіла ляльку-пеленашку і падвешвала яе над зыбкай будучага дзіцяці. Гэта лялька вісела і тады, калі дзіця ўжо з'яўлялася на свет, бавячы і засцерагаючы дзіцё. Уваходзячыя ў хату суседзі кідалі погляд у першую чаргу на ляльку, бо яна навідавоку, тым самым пакідаючы "сурокі" на ёй. Лялька як бы ахоўвала дзіця, брала на сябе ўсё дрэннае.

Экскурсавод 2.  У іншых абласцях спавітую ляльку падкладалі да немаўля ў зыбку, прыгаворваючы пры гэтым: "Сонніца-бессоніца, не гуляй з маім дзіцяткам, а гуляй з гэтай лялькай". Лялька як бы адцягвала на сябе злыя сілы, засцерагала маўляня. Так яе і звалі - берагіня ці засцярог.
У калысачцы лялячка знаходзілася да водахрышча дзіцяці, каб прымаць на сябе ўсе пошасці, якія пагражалі дзіцяці. Стужачка тальмаха перакрыжоўваецца на гэтай ляльцы няцотную колькасць разоў і выконвае ролю засцярогу. Па павер'ях, цэнтр жыццёвай сілы размяшчаецца ў раёне пупа. Завязаны тугі вузел сімвалізуе пуп. Канцы шнура на пупку адкусвалі гэтак жа, як пупавіну пры нараджэнні дзіцяці. Такую ляльку захоўвалі ў хаце нароўні з хрысцільнай кашуляй дзіцяці. Толькі пасля водахрышча за немаўлём сцвярджаўся статут чалавека, і ляльку прыбіралі з зыбкі.

Экскурсавод 1.  Чаму з'явілася менавіта такая лялька-пеленашка? Лічылася, што абмежаванне руху зробіць дзіця незаўважным для злых духаў, таму амаль увесь першы год жыцця немаўля праводзіла ў зыбцы шчыльна спавіваным. Сёння такі спосаб спавівання немаўлятаў лічыцца дзікім і варварскім: абмяжоўваюцца жыццёва важныя функцыі дзіцяці. Але ў традыцыйным побыце гэта быў адзіна прызнаваны спосаб.

А пасля водахрышча над зыбкай падвешвалі няцотную колькасць лялячак, зробленых з аднатоннага каляровага матэрыялу, вельмі яркіх, каб прыцягнуць увагу дзіцяці. Яны зваліся кувадкі. У звязку звычайна бывала ад 3 да 5 такіх лялячак. Сваю назву яны атрымалі ад абраду "кувады", які злучаны з таемствам нараджэння дзіцяці. Бацьку дзіцяці ў гэтым абрадзе адводзілася актыўная роля. У прылазніку выстаўлялі кош з курынымі яйкамі. Мужчына садзіўся на кош, робячы выгляд, што выседжвае яйкі (па павер'ях, яйка з'яўлялася першаасновай жыцця). Гучнымі апантанымі крыкамі, пераймаючы крыкам парадзіхі, мужчына выманьваў злых духоў у прылазнік. Каб ашуканыя і раззлаваныя духі не вярнуліся да парадзіхі, у прылазніку развешвалі лялькі-кувадкі. Верылі, што ў гэтыя першыя трапіўшыя на вочы неадушаўлёныя выявы людзей і ўсяляліся злыя духі. Пасля абраду ачышчэння ад брыдоты гэтыя лялькі спальвалі. Да канца XIX ст. абрад быў забыты, а лялькі засталіся. Скіраванасць магічнага дзеяння змянілася: потым іх вывешвалі над зыбкай пасля водахрышча немаўля, усё гэтак жа засцерагаючы яго ад незлічоных падкопаў злых духаў. Засцярогі рабіліся, не толькі з тканіны, але і з гліны, дрэва, косці, саломы, нітак.

Экскурсавод 2. Аднак, усе лялькі-засцярогі падобныя ў адным: у іх не было твару. Традыцыйная тканевая лялька была безаблічная. Лічылася, што калі лялька будзе ўжо вельмі падобнай на чалавека, то ў яе ўселіцца злы дух. А лялька без твару лічылася прадметам неадушаўлёным, недаступным для ўсялення ў яго злых, ліхіх сіл, а значыць, і бясшкоднай для дзіцяці. Яна павінна была прынесці яму дабрабыт, здароўе, радасць. Пра ляльку-засцярогу ўспаміналі і тады, калі жадалі пазбавіцца ад якой-небудзь пошасці. Яе тры разы паварочвалі супраць гадзіннікавай стрэлкі, прыгаворваючы: "Адкруціся злом, павярніся дабром".

Мімаволі ў галаву прыходзіць думка: дык вось, аказваецца, якімі лялькамі гулялі нашы прапрабабкі шмат гадоў назад! Сучасныя дзеці пра гэта практычна не ведаюць, хоць лялькі-засцярогі - частка гісторыі і культуры нашай Радзімы.

Экскурсавод 1.  Павук – прасторавая кампазіцыя з сал омы, папяровых кветак; традыцыйнае ўпрыгожанне інтэр'ера беларускага народнага жылля. Павука падвешвалі над сталом. Найбольш часта павукоў рабілі з саломы: шарападобныя, рамбічныя, зорчатыя.шарападобныя рабілі з саломінак, якія разыходзіліся ва ўсе бакі ад цэнтра. Канцы саломінак аздаблялі кветкамі з паперы ці пер'я. У аснове рамбічнага павука ляжыць васьмігранная фігура з 12 саломінак аднолькавай даўжыні. Унутры яго і да яго вуглоў падвешвалі павукоў меншых памераў. Выраблялі таксама павукоў у выглядзе абажура. Аналагічна з сапраўднымі павукамі, лічылася, што павук нясе добрую навіну і радасць у хату. А значыць, чым больш  ў хаце сплеценых павукоў, тым больш і  шчасця ў ёй будзе.