Cемінар
23 мая 2018 года на базе этнаграфічнага музея “Спадчына” Дзяржаўнай установы адукацыі “Сярэдняя школа №8 г.Барысава” прайшоў семінар старшынь першасных ветэранскіх арганізацый устаноў адукацыі Барысаўскага раёна “Роля першаснай ветэранскай арганізацыі ў духоўна-маральным выхаванні вучняў”.
У ходзе семінара кіраўнік музея “Спадчына” Ярашэвіч Т.М. расказала аб ролі школьнага музея ў фарміраванні ў школьнікаў погляду на духоўна-маральную культуру чалавека як на фундаментальную чалавечую каштоўнасць і аб сацыяльна-культурным партнёрстве школьнага музея і ветэранскай арганізацыі ў фарміраванні духоўнасці вучняў.
Паколькі семінар праводзіўся напярэдадні народнага свята Сёмухі, якое адлюстроўвае ўласцівае канцу вясны і пачатку лета ўшанаванне зеляніны, дрэў, кветак, што знаходзяцца ў сваім росквіце, прысутным быў прапанаваны майстар-клас па пляценні бярозавых вянкоў, якімі можна традыцыйна ўпрыгожыць сваё жыллё ў час свята. Пасля заканчэння семінара госці сваімі вянкамі маглі ўпрыгожыць бярозкі, што стаялі ў фае каля музея. Нашы продкі верылі ў магічную сілу бярозы, лічылі, што яна надзяляе чалавека маладосцю і здароўем.
Пасля наведвання музея ўдзельнікі семінара змаглі ўзнавіць свае веды пра побыт і культуру нашых продкаў і даведацца нешта новае, прыняўшы ўдзел у інтэрактыўнай гульні “Этнаграфічны калейдаскоп”.
Гучалі беларускія народныя песні, прыказкі, прымаўкі, загадкі, а таксама ўвазе ўдзельнікаў семінара была прапанавана капмазіцыя па легендзе Артура Зельскага “Апошняя сустрэча” ў выкананні вучняў школы.