Здесь нашел интересный обзор

Беларускі фальклор

Автор: Super User. Опубликовано в Цікава ведаць

Беларускі фальклор

 

Яшчэ задоўга да таго, калі мастацкае слова было зафіксавана ў помніках пісьменнасці, народ выяўляў свае настроі і думы ў песнях, казках, легендах і паданнях, якія былі першымі праявамі яго мастацкай творчасці. Яны на працягу многіх гадоў і стагоддзяў свайго бытавання перадаваліся, станавіліся выдатнымі творамі мастацтва. Ў іх адлюстроўваліся ўсе найважнейшыя асаблівасці народнага жыцця з самых далёкіх часоў: барацьба чалавека з прыроднай стыхіяй, яго мары, меркаванні, любоў да радзімы і нянавісць да ворагаў, глыбокі аптымізм.

Многія фальклорныя творы ствараліся і бытавалі пры пэўных акалічнасцях ­–­­­­­­­ у час свят, працы. Яны суправаджалі працоўную дзейнасць чалавека (працоўныя песні), дапамагалі ў выхаванні дзяцей (песні-калыханкі, дзіцячыя песні, загадкі, казкі), перадавалі новым пакаленням жыццёвы вопыт і мудрасць (легенды, паданні, прымаўкі, прыказкі і інш.). Пашыраючыся і ў пазнейшы час, фальклорныя творы ўплывалі нават на развіцце пісьмовай літаратуры. Вусная паэзія народа заўсёды жывіла паэзію і літаратараў, і пісьменнікаў, была невычэрпнай крыніцай ідэй, вобразаў, спосабаў мастацкага адлюстравання жыцця беларускага народа.

Вусная народная творчасць – важнейшая частка духоўнай культуры народа – надзвычай добра захавалася не толькі ў памяці беларусаў, але і ў актыўным бытаванні, адыграла вялікую ролю ў нацыянальнай самасвядомасці, ў развіцці літаратуры і мастацтва; яна плённа ўплывае і сёння на працэсы нацыянальнага адраджэння. Тэрмін фальклор, які ўзнік у сярэдзіне XIX ст., у перакладзе азначае народная мудрасць. Фальклор у яго вузкім значэнні – адзін з відаў народнага мастацтва, які адлюстроўвае рэчаіснасць у вобразах, створаных пры дапамозе паэтычных слоў. Фальклорны працэс заўсёды адбываецца ў межах традыцыі, абапіраецца на папярэдні вопыт, выкарыстоўвае мастацкія каштоўнасці, якія належаць усяму народу. Фальклор узнік раней, чым пісьменнасць і, натуральна, бытаваў толькі ў вуснай перадачы. Або і са з’яўленнем пісьменнасці доўгі час перадача з вуснаў у вусны таксама была адзіным шляхам распаўсюджвання фальклору. Але народ знаёміўся не толькі з песняй, казкай, прыказкай, прымаўкай, легендай, але і з узорамі лепшай пісьмовай літаратуры. Калектыўнасць, вуснае бытаванне, варыянтнасць – рысы, уласцівыя толькі фальклору і якімі ён прынцыпова адрозніваецца ад мастацкай літаратуры. Фальклорныя творы адрозніваюцца ад твораў пісьмовай літаратуры і некаторымі асаблівасцямі мастацкай формы. Гэта ў першую чаргу традыцыйная паэтыка, выпрацаваная народам на працягу стагоддзяў. Традыцыйная народная сімволіка, разнастайныя формы, пастаянныя эпітэты, метафары, параўнанні і іншыя віды тропаў, асаблівасці кампазіцыі надаюць вуснай паэзіі спецыяльны каларыт. Фальклор нясе ідэі справядлівасці і сацыяльнай роўнасці, перадае адносіны народа да важнейшых падзей, выказвае цікавасці працоўных. Творы адлюстроўвалі і ўслаўлялі барацьбу супраць прыгнёту, супраць іншаземных захопнікаў. У творчасці кожнага народа ёсць свае непаўторныя рысы, якія ўтвараюць народную спецыфіку фальклора. Разам з тым многія творы, складзеныя рознымі народамі,

падобныя. Беларускі фальклор прадстаўлены амаль усімі жанрамі: каляндарная і сямейна-абрадавая паэзія, казкі, паданні і легенды, прыказкі і прымаўкі, загадкі, замовы, народны тэатр у розных яго відах, сацыяльна-бытавая лірыка. Не было ў беларускім фальклоры такіх твораў, як быліны або думы, спецыфічных для рускага і ўкраінскага фальклору. Але беларускі народ таксама стварыў свой гераічны і гістарычны эпас, які хаця і не набыў адзінай жанравай формы, аднак даволі поўна адлюстроўваў многія гераічныя старанні нашага мінулага. Нацыянальны каларыт беларускаму фальклору надаюць паэтычныя вобразы волатаў і асілкаў, асобныя мастацкія сродкі, паэтычная мова. Фальклор з’явіўся першай паэтычнай школай многіх выдатных пісьменнікаў. Творчасць В. Дуніна-Марцінкевіча, Ф. Багушэвіча, Я. Лучыны, А. Гурыновіча, М. Багдановіча,    Я. Купалы, Я. Коласа і многіх іншых вядомых беларускіх паэтаў і празаікаў непарыўна звязана з народнай паэзіяй і па сутнасці выкарыстана з яе.

Падзяліць вусныя народныя творы па часе іх з’яўлення немагчыма, бо ў адным і тым жа творы можна знайсці нешта ад розных часоў, сувязь самой мінуўшчыны з цяперашнім жыццём. Таму лепш разглядаць паасобна віды вуснай народнай творчасці.

 

Каляндарна-абрадавая паэзія – від фальклору, які суправаджаў аграрныя святы і працу земляроба на працягу гаспадарчага года. Вытокі каляндарна-абрадавай паэзіі – у родавым грамадстве. У самым старажытным пласце каляндарных абрадаў, павер’яў, песень ужо адбіўся культ Сонца. Не выпадкова і найбольшыя земляробчыя ўрачастасці, святкаванні, у першую чаргу каляды, купалле, прыпадалі на зімовае і летняе сонцастаянне. З развіццём грамадства каляндарна-абрадавая паэзія шырока адлюстроўвала ў сабе працоўную дзейнасць земляроба, маральна-этычныя ўяўленні народа, паэтычны погляд на свет, прыроду, чалавека.

Паэзія беларускага земляробчага календара ўключае звыш 20-ці жанравых і групавых песенных разнавіднасцей. Цыклізацыя каляндарна-абрадавай паэзіі абумоўлена кругазваротам ў прыродзе, чаргаваннем пор года. У паэзіі беларускага земляробчага календара вылучаюцца чатыры вялікія цыклы: веснавы, летні, асенні, зімовы. Кожная пара года, кожны сезонна-вытворчы перыяд мелі адпаведныя абрады, звычаі, павер’і, песеннае суправаджэнне. Агульнай у іх была шырокая аграрная аснова, мэтавая ўстаноўка, паасобныя матывы, што вынікалі з яе.

Зімовы перыяд у сялянскім каляндары меў падрыхтоўчы характар. Абрады і песні зімовага цыкла бы лі накіраваны на тое, каб загадзя, наперад паўплываць на будучы ўраджай, захаваць азімыя пасевы, рунь на палях.

Веснавыя абрады і песні павінны былі асвячаць сабою асабліва адказны перыяд у жыцці старажытнага земляроба – пачатак палявых работ, час веснавых усходаў, выгану жывёлы на пашу.

Летнія абрады і песні прызначаліся зберагчы збажыну ў пару даспявання, паспрыяць паспяховаму збору ўраджаю.

Асенні перыяд земляробчага каляндара быў бедны на абрады. Звязаны з уборкай яравых, выбаркай, апрацоўкай ільну, засяваннем азімых – заканчэннем палявых работ, ён характарызаваўся дамінаваннем у песнях перадвясельных матываў, развіццём у іх моцнага лірычнага пачатку.

 

Зімовыя песні:                                  Летнія песні:

Да ішлі, ехалі калядкі…                   У полі жыта палавее,

Да ішлі, ехалі калядкі                       У багатага душа млее,

У маляваных санёчках,                     Што ў засеку жыта тлее.

У кужэльных сарочках.                    А ў беднага радуецца,

А санёчкі паламаліся,                        Што новы хлеб гатуецца,

А сарочкі памараліся.                       Што з багатым зраўнуецца.

 

Замовы  (у народзе яшчэ называюць загаворамі, нагаворамі, шэптамі) – гэта славесныя формулы, якім надавалася магічнае значэнне. Замовы – від народнай творчасці, які ў сучасны момант у жывым бытаванні амаль не сустракаецца.

У мінулым замовы былі шырока распаўсюджаны ў быце і мелі чыста ўтылітарнае значынне: з дапамогай слова, магічнага дзеяння ператварыць жаданае ў рыальнасць, падобным выклікаць падобнае.

Прынята дзяліць замовы на некалькі тыматычных груп:

1.Замовы, звязаныя з гаспадарчай дзейнасцю чалавека (паляванне, рыбацтва, пчалярства, збор ягад, грыбоў, захаванне жывёлы, ураджаю);

2.Замовы супраць хвароб;

3.Замовы, звязаныя з сямейнымі адносінамі і прыватным бытам (сюды адносяцца таксама прысушкі і адсушкі – любоўныя замовы);

4.Замовы, звязаныя з грамадскімі адносінамі і г.д.

Замовы каштоўныя тым, што ў іх знайшлі адлюстраванне асаблівасці гаспадарчага, грамадскага і духоўнага жыцця чалавека. Яны з’яўляюцца помнікамі мастацкага слова народа.

Замова паляўнічага:

Вадзіца царыца, усяму свету памачніца. Як ты змываеш сырое карэнне, шэрае і белае каменне, так і змый і маю ружы-ну-ружніцу і булат-жалеза. Як страляе з неба Міхаіл-архангел громам і малянняй і вострай стралой і як ніхто не можа ўняць ні грома, ні маланні, ні вострай стралы, так ніхто не можа ўняць і мяне, раба божага, стральца, і маю ружыну-ружніцу і булат-жалеза. А над маёй ружынай-ружніцай і булата-жалезам няма спаругання на векі вякоў.

 

Прыказкі і прымаўкі. У афарыстычнай творчасці беларускага народа прыказкі і прымаўкі карыстаюцца найбольшай папулярнасцю. Яны ярка адлюстроўвалі багаты працоўны і жыццёвы вопыт народа, яго мудрасць, псіхалогію і светапогляд, маральна этнічныя і эстэтычныя ідэалы.

         У некаторых з іх адбіліся язычніцкія ўяўленні пра сусвет, прыроду, чалавека, расліны, жывёл. Прыказкі вучаць любіць свой край, Радзіму, яе герояў і ненавідзець ворагаў. Трапна выказвае народ свае думкі пра шчасце, лёс і долю, дабро і зло.

Увогуле, прыказкі і прымаўкі – гэта своеасаблівая энцыклапедыя жыцця народа ў розныя гістарычныя эпохі.

Прыказкі і прымаўкі:

Колас добра не спее, калі сонца добра не грэе.

Шмат снегу – шмат хлеба.

З агнём не жартуё і вадзе не вер.

Воўка ногі кормяць

 

Загадка – кароткае паэтычна-вобразнае апісанне прадмета або з’явы, якое даецца, як правіла, у форме пытання і адгадваецца па другарадных адзнаках, па прыкметах падабенства.

Лічыцца, што галоўная функцыя загадкі – развіваць ў чалавека мастацка-вобразнае мысленне, паэтычны погляд на рычаіснасць. У мінулым загадка служыла сродкам выпрабавання разумовых здольнасцей, іншасказальная, загадкавая форма з поспехам выкарыстоўвалася ў ваенных і пасольскіх справах. Загадкі, песні-загадкі надзвачай шырока ўжываліся ў вясельных абрадах, напрыклад, з мэтай “праверкі” разумовай сталасці жаніха.

Каштоўнасць традыцыйнай загадкі ў тым, што яна ў высокапаэтычнай форме адлюстравала гаспадарчую і працоўную дзейнасць чалавека, яго жыццёвы вопыт, быт, працу, фауну, флору, будову сусвету і да нашых дзён мае вялікае эстэтычна-мастацкае значэнне для выхавання дзяцей.

Загадкі:

Без кораня, а расце. (Камень)

Без ног бяжыць, без воч глядзіць. (Вада)

Лата на лаце, ніткі не знаці. (Капуста)

Цераз мяжу брат брата не бачаць. (Вочы)

 

Казкі. Сярод апавядальных жанраў беларускай вуснапаэтычнай творчасці шырынёй ахопу жыццёвых з’яў, глыбінёй абагульнення, яркасцю створаных вобразаў вылучаюцца казкі. Тэрмін “казка” аб’ядноўвае розныя па форме і зместу апавядальныя творы: пра жывёл і птушак, пра фантастычных пачвар і непераможных асілкаў, пра кемлівага сялянскага сына Несцерку і ненажэрных крывасмокаў-паноў, пра хітруна-злодзея і служкаў культу, пра мудрую дзяўчыну і языкатую жонку і інш. Сярод розных, але ў асноўным блізкіх паміж сабой азначэнняў казкі, якія прыводзяцца ў навуковай літаратуры, найбольш прыдатным можна лічыць наступнае: казка – гэта мастацкае вуснае апавяданне сацыяльна-бытавога, фантастычнага або авантурна-навелістычнага зместу, якое адлюстроўвае рэчаіснасць пры дапамозе мастацкай выдумкі і заключае ў сабе дыдактычна-павучальны сэнс.

Казкі ўзніклі ў глыбокай старажытнасці і заўсёды былі непарыўна звязаны з шматгранным жыццём народа, яго барацьбой з сіламі прыроды. Казкі як творы сапраўднага мастацтва задавальнялі эстэтычныя запатрабаванні народа і ў той жа час былі важным сродкам пазнання навакольнага свету і абагульнення працоўнага вопыту многіх пакаленняў, а таксама сродкам выхавання.

Класіфікацыя казак даволі ўмоўная. Звычайна іх падзяляюць на казкі аб жывёлах, чарадзейныя, або міфічныя, і сацыяльна-бытавыя. Кожная з груп беларускіх казак вылучаецца асаблівасцямі зместу, сістэмай вобразаў, характэрнымі прыёмамі мастацкага адлюстравання рэчаіснасці. Усім ім уласціва высокае паэтычнае майстэрства. Беларускія казкі маюць шмат агульнага з казкамі іншых народаў, асабліва славян, але ў той жа час узбагачаюць казачны эпас славянскіх народаў новымі сюжэтамі, ідэямі, вобразамі.

У наш час казачная традыцыя паступова затухае, але многія казкі трывала захоўваюцца ў народным рэпертуары і па-ранейшаму выконваюць значную ролю ў выхаванні падрастаючага пакалення.

 

 Легенды. Да легенд звычайна адносяць трывала замацаваныя ў фальклорнай традыцыі вусныя апавядальныя творы, ў аснове якіх ляжыць фантастычны вобраз або ўяўленне, звязаныя з гісторыяй людзей або тлумачэннем розных прыродных і грамадскіх з’яў. У больш вузкім разуменні, якога прытрымліваюцца некаторыя даследчыкі, легендамі з’яўляюцца толькі творы на біблейскія сюжэты, г.зн. апакрыфічныя творы.

Легенды – мастацкія творы, але даменантнай ў іх з’яўляецца не эстэтычная, як ў казках, а пазнавальная функцыя.

Беларускія легенды разнастайныя па тэматыцы. У апублікаваных запісах прадстаўлены легенды касмаганічныя, этнагенічныя, гістарычныя, апакрыфічныя і інш. У іх адлюстраваны розныя ўяўленні народа, спробы растлумачыць паходжанне сусвету і зямлі, чалавека і жывёл, сутнасць розных з’яў прыроды і грамадскага жыцця. У некаторых беларускіх легендах распрацоўваюцца розныя маральна-этычныя праблемы, сцвярджаецца неабходнасць добрасумленных адносін да працы, справядлівых і добразычлівых адносін паміж людзьмі, але часам гэтыя станоўчыя ідэі атрымліваюць рэлігійную афарбоўку.

Па сваёй асноўнай функцыі – перадача выпрацаваных папярэднімі пакаленнямі пэўных ведаў або ўяўленняў – да легенд набліжаюцца паданні. Але калі легенды заўсёды фантастычныя па зместу і ў сувязі з гэтым маюць адпаведную паэтыку, паданні даюць звесткі аб рэальных асобах і сапраўдных падзеях, хаця, натуральна, пры перадачы з вуснаў у вусны аддаляюцца ад першаасновы, жыццёвы матэрыял набывае ў іх паэтычную інтэрпрэтацыю.

Найбольш распаўсюджаныя ў беларускім фальклоры паданні гістарычныя і тапанімічныя, многія з якіх маюць гістарычную афарбоўку. З вуснаў у вусны перадаваліся паданні аб асілках, якія нібыта некалі жылі на тэрыторыі сучаснай Беларусі і пакінулі пасля сябе старажытныя гарадзішчы ды велізарныя камяні з адбіткамі сваіх пальцаў ці рук. Такія паданні дапамагаюць глыбей пазнаць мінулае, перадаюць адносіны народа да розных падзей, яго ўяўленні аб гісторыі роднага краю і любоў да сваёй зямлі.

Легенды і паданні:

Пра скарб

Там, дзе ад шляху пашла паваратка на Зялёную Параслю, у правую руку, як ісці ад Рэчыцы к Хвайнікам, у калодзезі е вя-лікі браварны казан, поўны грошай, накрыты млінавым каменем. Сколькі раз людзі хацелі выкапаць тыя грошы, да як толькі дакапаюцца да таго каменя, каторым пакрыты кацёл, так зараз з Рэчыцы і ляцяць казакі з голымі шаблямі. Людзі паўцякаюць, то і казакі шчэзнуць, а далей і месца зараўняецца, як бы нічога ніколі.

 

Анекдоты, жарты, гумарэскі. Празаічныя жанры малой формы – анекдоты, жарты і гумарэскі – узніклі амаль адначасова з сацыяльна-бытавымі казкамі, развіваліся ў цеснай сувязі з імі, актыўна бытуюць і ў наш час.

Пад анекдотам да палавіны 19 ст. разумелі кароткае камічнае апавяданне пра смешны выпадак з жыцця вядомага гістарычнага дзеяча. Пазней анекдотамі сталі называць невялікае вуснае аднаэпізоднае апавяданне пра незвычайную, смешную падзею, сітуацыю, рысу характару чалавека ці ўчынак з неспадзявана камічнай развязкай. Блізкім да анекдота з’яўляецца жарт, у аснове якога таксама апавяданне пра смешнае здарэнне, дасціпная насмешка. У параўнанні з анекдотам, які выстаўляе на смех і сацыяльна-палітычныя з’явы, жарт звычайна незласліва высмейвае бытавыя здарэнні, паасобныя малаістотныя, але смешныя рысы і якасці людзей, іх дзіўныя ўчынкі. Як і для анекдота, для жарта характэрна аднаэпізоднасць, нечаканасць выніку. Найбольш папулярная форма жарта дыялагічная. Праз кароткі дасціпны дыялог выяўляецца асноўны ідэйны сэнс твора, накіраванасць насмешкі.

Добразычлівым характарам смеху вызначаецца і гумарэска, або досціп – таксама невялікі апавядальны твор, у якім трапна высмейваюцца прыватныя з’явы, паводзіны людзей. Для гумарэскі не абавязковыя нечаканы камічны вынік, аднаэпізоднасць. Жанравыя межы паміж анекдотам, жартам, гумарэскай невыразныя і нярэдка творы гэтых жанраў у зборніках змешваюцца.

Анекдоты

Зайшоў селянін да пана, а той якраз паеў і парожнюю міску перавярнуў. Селянін і пытае:

- Пане, а чаму вы як паелі, то перавярнулі міску?

- Гэта значыць, што я наеўся.

- Вось яно што! А я ўсё думаў, было, чаго гэта мая свіння, як толькі паесць, дык і пераверне карыта.

 

Прыпеўка – невялікая лірычная песенька, якая складаецца з чатырох радкоў і выконваецца на які-небудзь сталы матыў. Вядомы і іншыя назвы гэтага жанру: вытанкі, скакушкі, брандушкі, выдрыганцы і інш. Тэрмін “прыпеўка” запазычаны з рускай навуковай тырміналогіі і ў першыню ў навуковую беларускую літаратуру ўведзены В. Астаповічам.

Вытокі жанру ў танцавальных прыпеўках, а таксама ў прыпеўках вясельных і дударскіх. У прыпеўках адлюстраваны многія бакі жыцця сялянства. Аднак асноўная тэма гэтага жанру – любоў. У прыпеўках прыкметнае месца займае грамадска-палітычная тыма.

Сярод фальклорных жанраў, якія адлюстроўваюць сучаснасць, адно з першых месц належыць прыпеўцы.

Прыпеўкі:

А скрыпачка, далі бог,

Не жалей жа маіх ног!

Мае ножкі не баляць,

Яны хочуць пагуляць.

 

Пазаабрадавыя песні, як відаць з самой назвы, - гэта песні, якія выконваюцца незалежна ад абрада ці календара, у любы час і ў розных канкрэтных жыццёвых абставінах. У народзе пра гэтыя песні гавораць, што яны спяваюцца “абы калі”, “калі давядзецца”, “калі надумаешся”, “хоць дзе”, “дзе можна” і інш. Спяваюць іх у час адпачынку і на рабоце, дома і ў полі, “на міру” і сам-насам. Песні гэтыя не звязаны ні з гульнямі, ні з дзеяннямі.

Мелодыя ў пазаабрадавай песні замацавана непасрэдна за адным тэкстам (рэдка адзін тэкст выконваецца на некалькі мелодый), тады як у каляндарна-абрадавай паэзіі на адзін і той жа напеў (асабліва ў вясельнай песнятворчасці) спяваецца многа тэкстаў.

Пазаабрадавыя песні ў адрозненне ад каляндарна-абрадавых характарызуюцца большай актыўнасцю, што дало ім магчымасць шырока адлюстроўваць самыя розныя бакі побыту народа. Пазаабрадавыя песні часта называюць проста лірычнымі, бо лірычны пачатак з’яўляецца дамінуючым. Гэта песні пра асабістыя пачуцці і перажыванні чалавека, пра яго адносіны да акаляючай рэчаіснасці. Сіла ўздзеяння пазаабрадавай лірычнай песні ў тым, што яна перадае пачуцці і перажыванні, сугучныя, блізкія, зразумелыя многім людзям, вылучаецца глыбінёй, багаццем і разнастайнасцю чалавечых эмоцый. Тут радасць і гора, любоў і нянавісць, весялосць і смутак чалавека. У гэтых песнях выяўляюцца лепшыя рысы нацыянальнага характару беларусаў: смеласць, адвага, праўдзівасць, працавітасць, гасціннасць, гуманізм, чуласць, сціпласць, імкненне да свабоды і нянавісць да прыгнятальнікаў.

 

Балады. У народнай пазаабрадавай песеннай творчасці асобную групу складаюць балады – ліра-эпічныя творы. Тэрмін “балада” ў народзе невядомы. Спевакі іх называюць доўгімі або жалоснымі песнямі. У навуковы ўжытак гэты тэрмін быў уведзены ў XIX ст. Збіральнікі і даследчыкі беларускай вуснапаэтычнай творчасці называлі балады думамі або думкамі.

Балады – творы драматычнага зместу, напоўненыя высокім эмацыянальным пачуццём. Тэма іх – сямейнае або асабістае жыццё чалавека, незвычайныя, трагічныя здарэнні. Як і многія іншыя фальклорныя жанры, балада ўзыходзіць да глыбокай старажытнасці і прайшла складаны эвалюцыйны шлях станаўлення.

Паводле распрацаванай беларускімі фалькларыстамі класіфікацыі, балады дзеляцца на пяць асноўных груп:

1.Песні з міфалагічнымі матывамі, у якіх тлумачыцца паходжанне раслін, жывёл, каменняў, апавядаецца пра пераўтварэнне чалавека ў расліну, жывёлу, птушку, камень і г. д.;

2.Песні казачнага і легендарнага зместу, у якіх побач з рэальнымі героямі дзейнічаюць персанажы, тыповыя больш да фантастычных казак і легенд;

3.Песні-загадкі, у якіх героі загадваюць, на першы погляд, неверагодныя, невырашальныя загадкі;

4.Песні гульнёва-падарожнага складу, якія характарызуюц-ца своеасаблівай кампазіцыяй – “паўтарэнне з нарастаннем” і пэўнай умоўнасцю зместу;

5.Песні навелістычнага зместу, у якіх апавядаецца пра неверагодныя падзеі, пераважна драматычнага ці трагічнага характару ў асабістым жыцці людзей. У іх адсутнічае фантастыка. Асноўная тэма – нешчаслівае каханне, здрада, сямейныя канфлікты і інш.

 

Народны тэатр – адметная з’ява ў традыцыйнай духоўнай культуры беларусаў. Яго вытокі – у глыбокай старажытнасці, звязаны ён з першымі спробамі чалавека да пераўвасаблення. У аснове народнага тэатра, як і ва ўсёй вуснапаэтычнай творчасці, ляжыць працоўная дзейнасць чалавека.

 Народны тэатр адыграў вялікую ролю  ў гісторыі культуры беларускага народа, бо з’явіўся папярэднікам прафесійнага тэатральнага мастацтва. Гісторыкі народнага тэатра вылучаюць тры асноўныя складаемыя: абрадавыя ігрышчы, народныя драматычныя гульні і ўласна народную драму.

Асобае месца ў гісторыі народнага тэатральнага мастацтва займае батлейка – тэатр лялек, вядомы на Беларусі з XVI ст. Зараз у жывым бытаванні сустракаецца рэдка.

         Беларуская вуснапаэтычная творчасць – важная частка духоўнай культуры нашага народа. Здаўна служыць яна магутным сродкам вобразнага пазнання жыцця, праўдзіва адлюстроўвае думкі, і мкненні і спадзяванні народных мас, садзейнічае выхаванню іх эстэтычных густаў і ідэалаў.          На працягу многіх стагоддзяў вуснапаэтычная творчасць была амаль адзінай формай выражэння духоўнага жыцця людзей: яна з’яўлялася і з’яўляецца неад’емнай часткай культурнай спадчыны народа, яна спадарожнічае чалавеку на працягу ўсяго яго жыцця.

Фальклор – няспынная творчасць народа, якая бытуе ў вуснай перадачы людзей з пакалення ў пакаленне.

 

Народна-паэтычная творчасць і сёння адыгрывае важную ролю ў духоўным жыцці людзей, у фарміраванні іх эстэтычна-мастацкіх густаў, ідэалаў і светапогляду.

Этнаграфічны турызм у Беларусі

Автор: Super User. Опубликовано в Цікава ведаць

Этнаграфічны турызм у Беларусі

 

   

        Якая была Беларусь сотні гадоў таму? Чым унікальная і самабытная яе культура? Якія традыцыі беларусаў вядомы ва ўсім свеце і чым уражвае наша краіна знатакоў аўтэнтычнай спадчыны?

       На працягу сваёй шматвяковай  гісторыі      беларускі народ стварыў унікальную культуру. Традыцыйныя народныя святы  і абрады, непаўторны фальклорсамабытныя рамёствы, нацыянальны касцюмбеларуская кухня – усю гэту багатую спадчыну беражліва захоўваюць у нашай краіне. І вядома, запрашаюць пазнаёміцца з ёю гасцей.

Этнаграфічныя музеі, комплексы і сядзібы

    

Сёння ў Беларусі ёсць нямала мясцін, дзе можна дакрануцца да старажытнай беларускай культуры і хоць на некалькі гадзін перанесціся з ХХI стагоддзя ў глыбокую даўніну. Сярод іх:

этнаграфічныя і краязнаўчыя музеі;

этнаграфічныя комплексы (вёскі) пад адкрытым небам;

аграсядзібы ў сельскай мясцовасці з нацыянальным беларускім каларытам;

цэнтры народнай творчасці, традыцыйнай культуры і побыту;

дамы фальклору;

дамы рамёстваў.

         Госці музеяў і комплексаў убачаць старадаўнія прадметы побыту і творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, пачуюць аўтэнтычныя беларускія песні і пазнаёмяцца са старадаўнімі танцамі, пакаштуюць стравы нацыянальнай кухні.

У аграсядзібах жадаючыя атрымаюць магчымасць на некалькі дзён акунуцца ўжыццё старадаўняй беларускай глыбінкі. Тут прапануюць прагулкі на пчальнік, сенажаць, у лес; кулінарныя майстар-класы па хлебапячэнні, пляценні кошыкаў або вязанні венікаў; катанне на конях, рыбалку, стральбу з лука, паляванне і шмат іншага.

 

 

Народныя абрады і святы ў Беларусі

    

У Беларусі захаваліся дзіўныя народныя абрады і святы, якія і сёння адзначаюць у вёсках і гарадах. Сярод самых вядомых:

«Каляды»

 «Масленіца»

«Гуканне вясны»

 «Юр'еў дзень»

«Купалле»

«Зажынкі» (пачатак жніва)

«Дажынкі» (свята збору ўраджаю)

У час гэтых свят у розных кутках краіны праводзяцца народныя гулянні, фестывалі.

Па-сапраўднаму акунуцца ў гісторыю і побыт беларусаў можна, убачыўшыўнікальныя народныя абрады, якія захаваліся толькі ў адной мясцовасці:

абрад  "Калядныя Цары", унесены ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА (в. Семежава, Капыльскі раён);

абрад  "Цягнуць Каляду на дуба" (в. Навіны, Бярэзінскі раён);

народнае ігрышча  "Жаніцьба Цярэшкі" (в. Аношкі, Лепельскі раён);

дзіцячы калядны абрад "Куры" (Клічаўскі раён);

старадаўні абрад "Юраўскі карагод" (в. Пагост, Жыткавіцкі раён);

старадаўні веснавы абрад "Стрэлка" (в. Бездзеж, Драгічынскі раён);

Адным з самых значных свят сучаснай Беларусі стаў рэспубліканскі фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі "Дажынкі", які кожную восень праходзіць у адным з гарадоў краіны. Ён аб'ядноўвае сучасную традыцыю ўшаноўвання лепшых работнікаў з народнымі абрадамі заканчэння жніва, збору ўраджаю.

На гэты яcкравы фестываль збіраюцца фальклорныя калектывы і народныя танцавальныя ансамблі, майстры-рамеснікі, якія праводзяць майстар-класы і прадстаўляюць гасцям эксклюзіўныя сувеніры.

 

 

Беларускія рамёствы

          

Душа беларускага народа ўвасоблена таксама і ў яго мастацкіх промыслах, адмысловым майстэрстве рамеснікаў, якое перадавалася з пакалення ў пакаленне.

У нашай краіне і сёння працвітаюць:

кавальская справа;

ганчарства і кераміка;

ткацтва і вышыўка;

салома- і лозапляценне;

цяслярства і бондарства;

разьба па дрэве і бяросце;

Вырабы майстроў захоўваюцца ў музеях, як  гістарычная  каштоўнасць і выдатныя ўзоры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларусі.

Нямала твораў беларускіх майстроў сталі сапраўдным здабыткам, сімвалам нашай краіны. Гэта знакамітыя  слуцкія паясы, ручнікі з вёсак Неглюбка і Семежава, фартухі з вёскі Бездзеж, дрыбінскія валёнкі, льняныя лялькі-абярэгі, саламяны павук...

 Напрыклад, неглюбскія ручнікі, выкананыя ткачыхамі на драўляных кроснах, вядомыя ва ўсім свеце. На міжнародных выстаўках у Нью-Ёрку, Манрэалі, Токіа, Парыжы, Бруселі яны адзначаны залатымі медалямі. Гэтымі ручнікамі ўпрыгожаны адзін з офісаў Беларусі ў будынку ААН, а музей "Метраполітэн" набыў іх для сваёй калекцыі.

У 2012 годзе ў в. Неглюбка (Веткаўскі раён) упершыню прайшло свята беларускага ручніка, якое стала штогадовым.

Гонар беларускай культуры – нацыянальны касцюм з характэрным бела-чырвоным каларытам, сімвалічнай вышыўкай і, вядома, асаблівымі традыцыямі нашэння. У Беларусі налічваюць больш за 30 разнавіднасцей народных касцюмаў, якія бытавалі  ў розных рэгіёнах краіны.

У беларускай вёсцы Бездзеж (Драгічынскі раён) знаходзіцца адзіны ў свеце музей фартухоў, дзе сабрана ўнікальная калекцыя прадметаў касцюма, якія сталі сапраўдным брэндам гэтай мясцовасці.

Сёння практычна ў кожным раёне Беларусі ёсць Дамы рамёстваў, дзе вывучаюць прыёмы і тэхналогіі старых майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, праводзяць выстаўкі і майстар-класы, робяць сувеніры.

"Гарады" і падворкі майстроў адкрываюцца на ўсіх фестывалях і вулічных святах, якія праводзяцца ў Беларусі. Асаблівую любоў і папулярнасць у гасцей заваяваў "Горад майстроў" на Міжнародным фестывалі мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску".

Праводзяцца таксама і спецыялізаваныя  выстаўкі-кірмашы рамеснікаў:

выстаўка-кірмаш народных промыслаў "Млын" (Мінск);

выстаўка-кірмаш нацыянальных рамёстваў "Камарова - кола дзён" (в. Камарова, Мядзельскі раён);

міжнародны пленэр па кераміцы "Арт-Жыжаль";

свята рамеснікаў і народных майстроў "Казюкі" (Гродна);

святы беларускага лёну.

 

 

Фестывалі традыцыйнай культуры і кухні

    

У розныя поры года ў рэгіёнах Беларусі праходзяць цікавыя і шмат у чым унікальныя фестывалі традыцыйнай культуры, якія з кожным годам заваёўваюць усё большую цікавасць шматлікіх гасцей і ўдзельнікаў: 

фестываль этнакультурных традыцый "Кліч Палесся" (Нацыянальны парк "Прыпяцкі");

фолк-фестываль "Камяніца" (Мінскі раён);

фестываль народнага гумару ў Аўцюках (Гомельская вобласць, Калінкавіцкі раён);

фестываль сельскага турызму "Заборскi фэст" (Віцебская вобласць, Расонскі раён);

фестываль народнай творчасці "Напеў зямлі маёй" (Мінская вобласць);

міжнародны фестываль народнай творчасці "Вянок дружбы" (Бабруйск);

рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур у Гродне;

рэспубліканскі фальклорны фестываль "Берагiня" (Гомельская вобласць,   г.п. Акцябрскі);

свята "Купалле" ("Александрыя збірае сяброў") (Магілёўская вобласць, Шклоўскі раён).

Акрамя таго, у гарадах і вёсках Беларусі, якіяславяцца старадаўнімі кулінарнымі традыцыямі, вырошчваннем або зборам ягад, садавіны і агародніны, а таксама паспяховымі прадпрыемствамі харчовай прамысловасці, праводзяцца "смачныя" святы.

Гэта фестывалі малака, бульбы, квасу, піва, сыру, цукерак, яблыкаў, агуркоў, мёду, журавін. Апошнім часам папулярнымі сталі:

кулінарны фестываль "Мотальскiя прысмакi" ("Мотальскія пачастункі") (Іванаўскі раён);

фестываль "Цукеркавы фэст" (п. Івянец, Валожынскі раён);

экалагічны фестываль "Жураўлі і журавіны Міёрскага краю";

Дзень агурка ў Шклове.

У 2013 годзе прайшлі Першы сырны фестываль у Мінскім раёне, "Вішнёвы фестываль" у горадзе Глыбокае.

  Беларуская кухня багата на цікавыя традыцыі     прыгатавання.

Кухня Беларусі

Автор: Super User. Опубликовано в Цікава ведаць

Кухня Беларусі

 


Беларуская закуска

Нацыянальная кухня Беларусі развівалася стагоддзямі. Кулінарныя традыцыі беларусаў – гэта прастата народных рэцэптаў і вытанчанасць страў  для арыстакратаў, разнастайнае выкарыстанне мясцовых прадуктаў і незвычайныя спосабы гатавання. 

      Старадаўнія рэцэпты беларускай кухні захаваліся да нашых дзён, і інтарэс да іх сярод гасцей краіны расце. У рэстаранах з нацыянальным каларытам вам прапануюць не толькі народную кухню, але і вытанчаныя стравы, якія падаваліся на стол у рэзідэнцыях беларускіх магнатаў.

Пакаштаваць нацыянальную кухню можна і ў аграсядзібах, дзе для гатавання страў – нярэдка ўнікальных, распаўсюджаных толькі ў адной мясцовасці – выкарыстоўваюцца самыя свежыя вясковыя прадукты.Тут пякуць хлеб па старадаўніх рэцэптах і тэхналогіі, гатуюць дамашнія мясныя далікатэсы, сыры з каровінага або казінага малака, падаюць ласункі з мёду, яблыкаў, журавін.

У дамашняй кухні беларусаў нацыянальныя стравы таксама папулярныя. Сярод самых любімых – мачанка і верашчака, дамашнія каўбасы, дранікі, калдуны, клёцкі, бульбяная бабка, халаднік са шчаўя, грыбныя супы…

Старадаўняя беларуская кухня

         Беларуская кухня сфарміравалася пад уздзеяннем двух асноўных фактараў: актыўнае земляробства і шырокае выкарыстанне мясцовых прадуктаў,

уплыў суседніх краін і перасяленцаў

         З часоў Вялікага Княства Літоўскага ў нацыянальнай кулінарыі цесна перапляліся славянскія, балтыйскія, яўрэйскія, а часткова і нямецкія карані.

       Таму беларуская кухня – адна з самых разнастайных на кантыненце. Яна падобная да рускай, літоўскай, украінскай, польскай, яўрэйскай, але па-свойму ўнікальная, надзвычай сытная і смачная. 

У даўніну свае гастранамічныя традыцыі былі ў кожнага саслоўя, дзякуючы чаму ў беларускай кухні з’явіліся цэлыя напрамкі: сялянская і мяшчанская, шляхецкая і магнацкая кухні.

У беларускіх стравах шырока выкарыстоўваліся мясцовыя прадукты:

агародніна і зяленіва (капуста, рэпа, буракі, морква, бручка, пастарнак, тыква, бульба, агуркі, цыбуля і часнок, шчаўе, крапіва, лебяда, карэнне зайцавай капусты);

бабовыя (бабы, гарох, сачавіца, фасоля);

злакі (жыта, ячмень, авёс, грэчка);

грыбы (салёныя, сушаныя, у парашку);

садавіна і ягады (яблыкі, грушы, слівы, вішні, парэчка, чарніцы, буякі, брусніцы, маліна, рабіна, каліна, шыпшына);

спецыі і прыправы (кмен, каляндра, ільняное семя, хрэн, аер, гарчыца, ядловец, вішнёвае і дубовае лісце).

Бульба заслугоўвае асаблівага ўпамінання: з’явіўшыся ў Беларусі ў XVIII стагоддзі, яна ўзбагаціла нацыянальную кухню і сталаасновай многіх беларускіх страў. Гэта знакамітыя дранікі, калдуны, пызы, бульбяная каўбаса, клёцкі, бабка…

     

Многія стагоддзі беларусы ўжывалі абмежаваную колькасць мяса, як правіла, у святочных стравах, у выглядзе салёных і вяленых прадуктаў. Але з цягам часу мясны рацыён пашырыўся. Найбольш папулярнымі былі:

свініна,

бараніна,

ялавічына,

птушка (куры, качкі, гусі, індычкі),

дзічына (лось, казуля, дзік, бабёр).

У нацыянальным меню – вялікае багацце страў з мяса і птушкі (пячыста, кумпячок, мачанка, верашчака, тушанка, смажанка), разнастайныя дамашнія каўбасы, салёнае сала, стравы з субпрадуктаў (вантрабянка, рубцы – фаршыраваны свіны страўнік з мясам і грэцкай кашай), вэнджаніна…

У беларускай кухні нямала страў з рыбы, як правіла, рачной (лінь, асетр, шчупак, мянтуз, лешч, вугор, фарэль, акунь, карп). З яе варылі юшку, рабілі клёцкі, рыбу салілі, вэндзілі. І сёння ў рэстаранах падаюць знакаміты "Судак па-радзівілаўску".

З малочных прадуктаў самымі распаўсюджанымі былі тварожны сыр (каровін і казіны), смятана, масла. Малако ўваходзіць у рэцэпты многіх беларускіх страў у выглядзе "забелак", "закрасы" і "валог" (дабавак). Гэта  супы, кашы, мачанка.

Стравы беларускіх вяскоўцаў былі сытнымі, адносна нескладанымі ў прыгатаванні (многія доўга тушыліся ў печы), але заўсёды свежапрыгатаванымі: астылую або разагрэтую ежу на стол не падавалі!

      Магнацкая і шляхецкая кухні вызначаліся большай вытанчанасцю, багаццем прадуктаў і спецый, у тым ліку экзатычных, і, вядома, складанай тэхналогіяй гатавання. На княжацкім стале з’явіліся ласіныя губы ў падсалоджаным воцаце,фаршыраваныя вугры, юшка з пеўня...   

Асаблівасці нацыянальнай кухні Беларусі

Характэрныя рысы вылучаюць беларускую кухню сярод кулінарных традыцый іншых краін, надаюць ёй каларыт і непаўторнасць. Напрыклад, беларуская кухня вызначаецца даволі складанай і працяглай апрацоўкай прадуктаў. Тушэнне, запяканне, варка, бланшыраванне, смажанне – гэтыя прыёмы могуць чаргавацца ў адным рэцэпце.

У многіх нацыянальных стравах выкарыстоўваюцца розныя віды мукі – аўсяная, грэцкая, гарохавая, жытняя, іх сумесі. Прычым мука – не толькі асноўны інгрэдыент (аладкі перапечы, спецыфічныябеларускія бліны з некалькіх відаў мукі, гарохавыя аладкі і г.д.), але і дабаўка-загушчальнік ("закалота" для супоў). Цеста ў Беларусі здаўна замешвалі без дражджэй.

У рэцэптах беларускай кухні – вялікая колькасць разнастайных страў з агародніны. Многія з іх, нягледзячы на славянскую аснову, унікальныя.

Напрыклад, суп жур (посны, малочны або мясны) на аснове аўсянага адвару,поліўка (вадкі суп з круп і агародніны), морква (суп з морквы), грыжанка (суп з бручкі), гарбузок (суп з гарбуза)…

        Асаблівая гордасць нацыянальнай кухні – традыцыйны беларускі хлеб, які выпякаецца з жытнёвай мукі без дражджэй, на спецыяльна вырашчанай заквасцы. Для здаровага харчавання гэта вельмі карысны прадукт.

       Беларускі хлеб па вазе больш цяжкі, з прыемнай смакавай "кіслінкай". У старадаўніх рэцэптах выкарыстоўваюцца розныя дабаўкі: кмен, ільняное семя, семкі. Сам хлеб нярэдка выпякаўся на "падушцы" з лісця бярозы, дуба…

Беларуская кухня сёння

Сучасная кухня Беларусі па-свойму эклектычная. У ёй захоўваюцца і адраджаюцца старадаўнія нацыянальныя рэцэпты і становяцца папулярнымі стравы з розных краін свету.

Сёння рэстараны прапануюць сучасныя інтэрпрэтацыі беларускіх страў, дзе ўвасабляюцца арыгінальныя ідэі шэф-повараў і прынцыпы высокай кухні з улікам багацця прадуктаў, змены сезонаў і г.д. Вы абавязкова ацэніце цудоўны смак такіх страў, як:

Белыя грыбы, марынаваныя па-дамашняму, з алеем, цёплай бульбай, пшанічнымі грэнкамі і зялёнай цыбуляй;

Жур з яйкам, вэнджанінай і смятанай;

Грачанікі са смятанна-цыбульным соусам;

Дранікі са смятанна-яблычным соусам;

Верашчака з грэцкімі блінамі;

Бігос з квашанай капусты з вэнджанінай, грыбамі і чарнаслівам;

Пячыста са свінога кумпяка;

Груша па-радзівілаўску, запечаная ў мёдзе з прыправамі.

У ХХ стагоддзі – у савецкі час – у харчаванне беларусаў прыйшлі рэцэпты і кулінарныя традыцыі іншых нацыянальнасцей: руская, украінская, каўказская, сярэднеазіяцкая кухні. У меню рэстаранаў і сталовых таго часу з’явілася шмат заходнееўрапейскіх страў з мяса.

Галоўнымі зменамі, якія адбыліся ў беларускай кухні на працягу ХХ стагоддзя, сталі:

шырокае распаўсюджванне пшанічнай мукі і страў з яе (многія стагоддзі беларусы выкарыстоўвалі пераважна жытнёвую муку), з’яўленне салатаў.

Сёння ў рэстаранных меню вы знойдзеце і беларускую, і розныя еўрапейскія, усходнія  кухні, сучасныя напрамкі кулінарыі (wellness, ф’южн).

Але, прыехаўшы ў Беларусь, абавязкова пакаштуйце нацыянальную кухню – стравы, якія толькі тут могуць быць сапраўды беларускімі.

Вы даведаецеся, наколькі беларуская кухня смачная, цікавая, а часам цалкам эксклюзіўная і непрадказальная!

Беларускія дэсерты

З даўніх часоў галоўным салодкім дэсертам для беларусаў быў мёд. Таксама гатавалі саладуху (соладавае цеста), кулагу (кісель з ягад, мукі, цукру і мёду), печаныя яблыкі.

        Сярод знакамітых рэцэптаў – салодкія бліны з тварожнай мачанкай, груша па-радзівілаўску.

    Сёння найбольш папулярныя дэсерты: 

марожанае, узбітыя вяршкі,пірожныя, садавіна і ягады (яблыкі, грушы, чарніцы, журавіны, клубніцы).