Этнаграфічны турызм у Беларусі
Этнаграфічны турызм у Беларусі
Якая была Беларусь сотні гадоў таму? Чым унікальная і самабытная яе культура? Якія традыцыі беларусаў вядомы ва ўсім свеце і чым уражвае наша краіна знатакоў аўтэнтычнай спадчыны?
На працягу сваёй шматвяковай гісторыі беларускі народ стварыў унікальную культуру. Традыцыйныя народныя святы і абрады, непаўторны фальклор, самабытныя рамёствы, нацыянальны касцюм, беларуская кухня – усю гэту багатую спадчыну беражліва захоўваюць у нашай краіне. І вядома, запрашаюць пазнаёміцца з ёю гасцей.
Этнаграфічныя музеі, комплексы і сядзібы
Сёння ў Беларусі ёсць нямала мясцін, дзе можна дакрануцца да старажытнай беларускай культуры і хоць на некалькі гадзін перанесціся з ХХI стагоддзя ў глыбокую даўніну. Сярод іх:
этнаграфічныя і краязнаўчыя музеі;
этнаграфічныя комплексы (вёскі) пад адкрытым небам;
аграсядзібы ў сельскай мясцовасці з нацыянальным беларускім каларытам;
цэнтры народнай творчасці, традыцыйнай культуры і побыту;
дамы фальклору;
дамы рамёстваў.
Госці музеяў і комплексаў убачаць старадаўнія прадметы побыту і творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, пачуюць аўтэнтычныя беларускія песні і пазнаёмяцца са старадаўнімі танцамі, пакаштуюць стравы нацыянальнай кухні.
У аграсядзібах жадаючыя атрымаюць магчымасць на некалькі дзён акунуцца ўжыццё старадаўняй беларускай глыбінкі. Тут прапануюць прагулкі на пчальнік, сенажаць, у лес; кулінарныя майстар-класы па хлебапячэнні, пляценні кошыкаў або вязанні венікаў; катанне на конях, рыбалку, стральбу з лука, паляванне і шмат іншага.
Народныя абрады і святы ў Беларусі
У Беларусі захаваліся дзіўныя народныя абрады і святы, якія і сёння адзначаюць у вёсках і гарадах. Сярод самых вядомых:
«Каляды»
«Гуканне вясны»
«Юр'еў дзень»
«Купалле»
«Зажынкі» (пачатак жніва)
«Дажынкі» (свята збору ўраджаю)
У час гэтых свят у розных кутках краіны праводзяцца народныя гулянні, фестывалі.
Па-сапраўднаму акунуцца ў гісторыю і побыт беларусаў можна, убачыўшыўнікальныя народныя абрады, якія захаваліся толькі ў адной мясцовасці:
абрад "Калядныя Цары", унесены ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА (в. Семежава, Капыльскі раён);
абрад "Цягнуць Каляду на дуба" (в. Навіны, Бярэзінскі раён);
народнае ігрышча "Жаніцьба Цярэшкі" (в. Аношкі, Лепельскі раён);
дзіцячы калядны абрад "Куры" (Клічаўскі раён);
старадаўні абрад "Юраўскі карагод" (в. Пагост, Жыткавіцкі раён);
старадаўні веснавы абрад "Стрэлка" (в. Бездзеж, Драгічынскі раён);
Адным з самых значных свят сучаснай Беларусі стаў рэспубліканскі фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі "Дажынкі", які кожную восень праходзіць у адным з гарадоў краіны. Ён аб'ядноўвае сучасную традыцыю ўшаноўвання лепшых работнікаў з народнымі абрадамі заканчэння жніва, збору ўраджаю.
На гэты яcкравы фестываль збіраюцца фальклорныя калектывы і народныя танцавальныя ансамблі, майстры-рамеснікі, якія праводзяць майстар-класы і прадстаўляюць гасцям эксклюзіўныя сувеніры.
Беларускія рамёствы
Душа беларускага народа ўвасоблена таксама і ў яго мастацкіх промыслах, адмысловым майстэрстве рамеснікаў, якое перадавалася з пакалення ў пакаленне.
У нашай краіне і сёння працвітаюць:
кавальская справа;
ганчарства і кераміка;
ткацтва і вышыўка;
салома- і лозапляценне;
цяслярства і бондарства;
разьба па дрэве і бяросце;
Вырабы майстроў захоўваюцца ў музеях, як гістарычная каштоўнасць і выдатныя ўзоры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларусі.
Нямала твораў беларускіх майстроў сталі сапраўдным здабыткам, сімвалам нашай краіны. Гэта знакамітыя слуцкія паясы, ручнікі з вёсак Неглюбка і Семежава, фартухі з вёскі Бездзеж, дрыбінскія валёнкі, льняныя лялькі-абярэгі, саламяны павук...
Напрыклад, неглюбскія ручнікі, выкананыя ткачыхамі на драўляных кроснах, вядомыя ва ўсім свеце. На міжнародных выстаўках у Нью-Ёрку, Манрэалі, Токіа, Парыжы, Бруселі яны адзначаны залатымі медалямі. Гэтымі ручнікамі ўпрыгожаны адзін з офісаў Беларусі ў будынку ААН, а музей "Метраполітэн" набыў іх для сваёй калекцыі.
У 2012 годзе ў в. Неглюбка (Веткаўскі раён) упершыню прайшло свята беларускага ручніка, якое стала штогадовым.
Гонар беларускай культуры – нацыянальны касцюм з характэрным бела-чырвоным каларытам, сімвалічнай вышыўкай і, вядома, асаблівымі традыцыямі нашэння. У Беларусі налічваюць больш за 30 разнавіднасцей народных касцюмаў, якія бытавалі ў розных рэгіёнах краіны.
У беларускай вёсцы Бездзеж (Драгічынскі раён) знаходзіцца адзіны ў свеце музей фартухоў, дзе сабрана ўнікальная калекцыя прадметаў касцюма, якія сталі сапраўдным брэндам гэтай мясцовасці.
Сёння практычна ў кожным раёне Беларусі ёсць Дамы рамёстваў, дзе вывучаюць прыёмы і тэхналогіі старых майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, праводзяць выстаўкі і майстар-класы, робяць сувеніры.
"Гарады" і падворкі майстроў адкрываюцца на ўсіх фестывалях і вулічных святах, якія праводзяцца ў Беларусі. Асаблівую любоў і папулярнасць у гасцей заваяваў "Горад майстроў" на Міжнародным фестывалі мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску".
Праводзяцца таксама і спецыялізаваныя выстаўкі-кірмашы рамеснікаў:
выстаўка-кірмаш народных промыслаў "Млын" (Мінск);
выстаўка-кірмаш нацыянальных рамёстваў "Камарова - кола дзён" (в. Камарова, Мядзельскі раён);
міжнародны пленэр па кераміцы "Арт-Жыжаль";
свята рамеснікаў і народных майстроў "Казюкі" (Гродна);
святы беларускага лёну.
Фестывалі традыцыйнай культуры і кухні
У розныя поры года ў рэгіёнах Беларусі праходзяць цікавыя і шмат у чым унікальныя фестывалі традыцыйнай культуры, якія з кожным годам заваёўваюць усё большую цікавасць шматлікіх гасцей і ўдзельнікаў:
фестываль этнакультурных традыцый "Кліч Палесся" (Нацыянальны парк "Прыпяцкі");
фолк-фестываль "Камяніца" (Мінскі раён);
фестываль народнага гумару ў Аўцюках (Гомельская вобласць, Калінкавіцкі раён);
фестываль сельскага турызму "Заборскi фэст" (Віцебская вобласць, Расонскі раён);
фестываль народнай творчасці "Напеў зямлі маёй" (Мінская вобласць);
міжнародны фестываль народнай творчасці "Вянок дружбы" (Бабруйск);
рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур у Гродне;
рэспубліканскі фальклорны фестываль "Берагiня" (Гомельская вобласць, г.п. Акцябрскі);
свята "Купалле" ("Александрыя збірае сяброў") (Магілёўская вобласць, Шклоўскі раён).
Акрамя таго, у гарадах і вёсках Беларусі, якіяславяцца старадаўнімі кулінарнымі традыцыямі, вырошчваннем або зборам ягад, садавіны і агародніны, а таксама паспяховымі прадпрыемствамі харчовай прамысловасці, праводзяцца "смачныя" святы.
Гэта фестывалі малака, бульбы, квасу, піва, сыру, цукерак, яблыкаў, агуркоў, мёду, журавін. Апошнім часам папулярнымі сталі:
кулінарны фестываль "Мотальскiя прысмакi" ("Мотальскія пачастункі") (Іванаўскі раён);
фестываль "Цукеркавы фэст" (п. Івянец, Валожынскі раён);
экалагічны фестываль "Жураўлі і журавіны Міёрскага краю";
Дзень агурка ў Шклове.
У 2013 годзе прайшлі Першы сырны фестываль у Мінскім раёне, "Вішнёвы фестываль" у горадзе Глыбокае.
Беларуская кухня багата на цікавыя традыцыі прыгатавання.